Ніхто зь іх не здагадваўся, што краіна, дзе ім собіла нарадзіцца, неўзабаве зьнікне з мапы. Ніхто зь іх не мог ведаць, як па-рознаму складуцца іхныя лёсы. Краіна мела назву ГДР, горад быў падзелены Мурам, а маладосьць падавалася вечнай.
Каханьне і здрада, сяброўства і нянавісьць, уцёкі і супрацьстаяньне. Вечныя тэмы ў нечаканым антуражы ўмоўнага ладу. Сучасны нямецкі аўтар Грэгар Зандэр зьмяшчае сваіх герояў на скрыжаваньні мінулага і цяпершчыны — і абірае для гэтага стары гатэль у Будапешце, у якім зьбіраецца дзіўная кампанія ўсходніх і заходніх немцаў. Каб разабрацца ў сабе ды іншых — і дапісаць сваю няпростую гісторыю да канца.