«Перад вамі кніга, створаная за кошт доўгіх назіраньяў і даследваньяў размаітага гатэльнага жыцьця сталіцы. Першая частка “Кантынэнтальны сьняданак” пабачыла сьвет у 2012-ым, але падалася аўтару няскончанай, і цяпер, калі мінула два гады і зьявілася другая частка «Швэдзкі стол», можна лічыць, што тэма гатэлю ў беларускай літаратуры агучана, і ўлічана ўсё, альбо амаль усё, бо да канца ніводная гісторыя ў гэтым сьвеце яшчэ не была напісанаю.
Перад вамі сабрана як мага болей назіраньяў і думак пра гатэль, пра яго жыхароў, працаўнікоў і дырэктароў. Гэта своеасаблівы вопыт творчай працы з будзёнаю рэальнасьцю, калі героі становяцца больш эмацыйнымі, большымі вар’ятамі і большымі рамантыкамі, бо па-іншаму кнігі ня пішуцца».