У кнізе прадстаўлена творчасць найбольш самабытных і яркіх паэтаў першай траціны ХХ стагоддзя — Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі і Язэпа Пушчы. Склаўшыся як творчыя асобы ў „Маладняку“, а потым утварыўшы ў 1926 г. літаратурнае аб’яднанне „Узвышша“ (У. Жылка далучыўся крыху пазней як заходнебеларускі паэт), яны сталі лідарамі літаратурнага працэсу 1920-х гг., паэтамі-наватарамі, якія смела выкарыстоўвалі стылістыку сучасных ім авангардных плыняў, эксперыментавалі са словам у пошуках новага мастацкага стылю, сугучнага ўзрушліва-„бурапеннаму“ пералому эпох. Упершыню ў гэтым выданні друкуецца поўная рэдакцыя верша „Праметэй“ У. Жылкі, узнаўляюцца і ўдакладняюцца аўтэнтычныя аўтарскія рэдакцыі іншых твораў.