У самым канцы 20-гадоў звесткі аб рэальным становішчы ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, медыцыне, культуры ды іншых галін жыцця зніклі з адкрытых крыніц. Паралельна ішло фарміраванне закрытай сістэмы распаўсюду інфармацыі і абароту дакументаў, у тым ліку — у партыйных архівах ВКП(б)–КП(б)Б. Практычна ўсе такія закрытыя дакументы атрымалі грыф «Сакрэтна», «Зусім сакрэтна», «Асабіста сакратару ЦК».
Перад намі — унікальныя дакументы, якія вылучаюцца даставернасцю і прадстаўляюць панараму падзеяў на лакальным узроўні. Дакументы сведчаць пра інфармаванасць кіраўнікоў краіны аб справах на месцах, аб стаўленні да ўлады, а таксама раскрываюць шмат якія іншыя, схаваныя, бакі савецкага жыцця. Корпус пададзеных у кнізе дакументаў паказвае чытачу не толькі ШТО кіраўнікі бачылі, але і ЯК яны гэта бачылі.