2055 год. Беларусь. Горад М-2. Свет падзелены на два бакі, якія супрацьстаяць адзін аднаму. Усходні пратэктарат узначальваюць Кітай, частка краін Азіі і былой Расіі; Заходні ці Атлантычны альянс — еўрапейскі блок і Амерыканскі кантынент. Буферная зона паміж двума светамі — электронна-галаграфічная сцяна, якую ўзвялі ў межах Беларусі і Украіны. «Лінія пагаднення-39» была ўстаноўленая ў 2039 годзе пасродкам новай стратэгічнай зброі ахоўнага парадку, якую вынайшлі бельгійскія навукоўцы. Усялякія праходы на той ці іншы бок, акрамя гандлёвага транзіту — кантралююцца вайскоўцамі абедзвюх сістэм. Эміграцыя забароненая, таму ў людзей, асабліва з усходу, няма ніякага шанцу трапіць на Захад. Заходнікі ж, карыстаючыся высокай карупцыяй Пратэктарату, паспяхова мінаюць мяжу, з большага, наведваючы варожыя краіны дзеля забаў і турызму. Новы сусветны парадак мае пэўны баланс, аднак, як гэта ўжо было ў гісторыі – з якаснай перавагай Захаду. Усход спажывае і бяздарна капіруе дасягненні сваіх апанентаў і не перастае шукаць новых шляхоў, каб у што б ні стала ўзвысіцца над сапернікам…