Паэт Леанід Дранько-Майсюк выступіў у дакументальным жанры, напісаў архіўную аповесць «…Натуральны, як лінія небасхілу». Гэта твор пра беларускага песняра Максіма Танка (1912–1995), пра той час (першая палова 1930-х гадоў), калі малады Максім Танк жыў у Вільні, супрацоўнічаў з падпольнымі структурамі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, калі за ім на́вадам хадзілі агенты дэфензівы і ягонае пашпартнае імя (Яўген Скурко) вельмі часта з’яўлялася ў паліцэйскіх рапартах і пратаколах допыту, у пракурорскіх абвінаваўчых актах і судовых пастановах.