Новую кнігу Адама Глобуса складаюць гісторыі, дзеянне якіх адбываецца ў сталічным і беларускім Мінску. Героі кнігі надзвычайныя і, можна сказаць без усялякага перабольшвання, казачныя. Глобусаўскія «Гісторыі пра Мінск і яго ваколіцы» маюць чатыры часткі: пра людзей, пра рэчы і з’явы, пра горад і пра жывёл. Кожная частка напоўненая кароткімі, але вельмі насычанымі тэкстамі. Сюжэты разгортваюцца імкліва, а заканчваюцца звычай самым неверагодным чынам. Ёсць яшчэ адна рыса ў прозе Адама Глобуса, пра якую варта папярэджваць чытача, – гумар. Часам ён жорсткі і чорны, месцамі набліжаецца да лёгкай іроніі, а то і даходзіць да мяжы з бязлітасным сарказмам. Галоўнае, што «Гісторыі пра Мінск і яго ваколіцы» – кніга вясёлая і займальная.