Вандроўная кнігарня

Грамадская кампанія
Вандроўная Кнігарня — праект, ініцыяваны Літаратурным домам Логвінаў з мэтай пашырэння сучаснай беларускай літаратуры і іншаземнай літаратуры на беларускай мове ў малых гарадах, мястэчках і весках.
Як?
Цэлы год аўтамабіль, наладаваны кнігамі, будзе наведваць абласныя і раённыя цэнтры, пасёлкі і вёскі, у якіх адсутнічаюць бібліятэкі, адчуваецца нястача найноўшыях выданняў, а таксама не сфармаваная інфраструктура для людзей з інваліднасцю.
Што?
У праграме праекта публічныя дыскусіі з сучаснымі літаратарамі, творчыя сустрэчы з партнёрамі з мастацкіх, тэатральных, медыйных і іншых крэатыўных галін, аўтарскія чытанні і воркшопы па крэатыўным пісьме, а таксама праграмы для дзяцей і музычныя выступы.
Калі?
Верасень 2019 – Верасень 2020
Дзе?
Сачыце за праграмай на сайце Кнігарні Логвінаў, а таксама ў сацыяльных сетках.
Навошта?
Праект Вандроўная Кнігарня натхнёны амерыканскай традыцыяй перасоўных бібліятэк, якія сталі сёння неад’емнай часткай сустветнай кніжнай культуры. Як і нашы заходнія калегі, мы мяркуем, што літаратура і чытанне з’яўляюцца не толькі арганічным складнікам асабістага вопыту кожнага, але і абавязксвым элементам грамадскага жыцця краіны. Менавіта калектыўнае вымярэнне дазваляе раскрыць патэнцыял літаратуры як генератара меркаванняў, агучванне і абмеркаванне якіх выклікае рэзананс. Гарантам поспеху гэтага працэсу з’яўляецца ідэйны пасярэднік — публічная прастора, якая фармуе цікавасць да перфарматыўных аспектаў чытання, спрыяе дыялогу паміж рознымі гульцамі культурнага поля і развівае звычку крытычнага стаўлення да рэчаіснасці.

У апошнія гады ў Беларусі актыўна асвойваюцца механізмы і інструменты стварэння падобных прастор. Аднак такі фармат арганізуецца пераважна ў сталіцы і не мяркуе стымуляцыю цікавасці да чытання. Такім чынам, літаратура выпадае са слоўніка штодзённасці, а жыхары рэгіёнаў застаюцца выключанымі з публічных дыскусій. Менавіта гэты прабел імкнецца запоўніць праект Вандроўная Кнігарня.
Наша мэта ў тым, каб забяспечыць усіх ахвочых месцам, дзе ў нефармальнай атмасферы можна абмеркаваць прачытанае І напісанае.
Вандроўная Кнігарня — гэта перасоўная публічная прастора, здольная аб’яднаць вакол сябе творчыя і інтэлектуальныя сілы. Арэна для дэбатаў, абмеркаванняў і крэатыўных практык, Вандроўная Кнігарня — гэта незалежны і аднаўляльны рэсурс для пошуку рашэнняў актуальных праблем сучаснасці.

Жадаеце запрасіць Вандроўную Кнігарню?
Напішыце сюды:
vandrounaja@lohvinau.by
lohvinaupress@gmail.com
Шукайце нас тут: