Сябры, з сярэдзіны сакавіка «Кнігарня Логвінаў» часова закрыта для наведнікаў, але наша інтэрнэт-крама і выдавецтва ўсё роўна працягваюць працаваць дыстанцыйна.
Мы былі вымушаныя пайсці на такі крок, бо, як ніколі, адчуваем вялікую адказнасць перад вамі і вашым здароўем. Беражлівыя адносіны адзін да аднаго — тое, што дапаможа ўсім нам перажыць гэты няпросты перыяд.
Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, што паўсталі сёння перад незалежнымі культурнымі ўстановамі, наша каманда з надзеяй глядзіць у будучыню і спадзяецца, што неўзабаве будзе зноў радаваць вас новымі кнігамі і мерапрыемствамі. Але для гэтага нам патрэбна ваша падтрымка.
Як і заўсёды, лепшы спосаб падтрымаць выдавецтва ці кнігарню — купіць кнігу. І хаця мы часова закрыты для наведнікаў, на нашым сайце па-ранейшаму можна замовіць кнігі з дастаўкай.
Мы клапацімся пра вашу бяспеку, таму максімальна знізілі цэны на кур’ерскую дастаўку: кур’ер удакладніць зручны час і прывязе кнігу вам дадому ці на працу, каб вы не стаялі ў чэргах на пошце.
Таксама мы будзем ўдзячныя за вашыя рэпосты, лайкі і проста добрыя словы.
Карыстайцеся хэштэгам #маякнігарнялогвінаў і памятайце: цяжкасці прыходзяць і сыходзяць, а добрая літаратура застаецца.
З чыстымі рукамі і кнігамі — пераможам!