Кнігарня Логвінаў
  • Тэксты
  • Крама
  • Пра нас
  • About us

Алесь Разанаў: верш ведае вестку

Ад Redakcyja на 5 снежня 2017

У выдавецтве “Логвінаў” выйшла новая кніга Алеся Разанава — “Невядомая велічыня: гутаркі, артыкулы, згадкі”. Пасля знакавага “З апокрыфа ў канон”, што пабачыла свет ў 2010, гэта першае не-паэтычнае выданне.

Складзеная з рознага часу гутарак і крытычных тэкстаў, кніга дазваляе зазірнуць за тканку разанаўскай паэзіі і ўбачыць Разанава–чалавека: дваццацігадовага юнака, што ў 1968 годзе падымаў рух за беларусізацыю сістэмы адукацыі; калегу Уладзіміра Някляева па “Крыніцы” — і іх далейшы канфлікт у 1999; паэта, што чатыры гады правёў у творчых вандроўках па Нямеччыне і Аўстрыі і дзе пачаў пісаць па-нямецку — а потым вярнуўся на радзіму. Зрэшты, Разанаў-паэт прысутнічае ў кожным з гэтых тэкстаў.

Мы публікуем два фраменты з гэтай кнігі: адзін — з гутаркі 1993 году, другі — з аналізу верша, што напісаўся ў 2015. З розніцай у дваццаць два гады Разанаў сведчыць адно: паэзія — гэта вестка. Тады паэт — вястун?

Невядомая велічыня. Алесь Разанаў

Верш нараджаецца з душы

Верш нараджаецца з душы. Няма іншых крытэрыяў. Чалавек будзе гаварыць сам сабе: вось нешта павінна ўзнікнуць, вазьму і напішу. Не атрымаецца. Таму што пакуль душа не гатова — гэтага не адбудзецца. І толькі гатоўнасць двух пачаткаў — глебы, так бы мовіць, і неба, гатоўнасць душы і рэчаіснасці ўтварае такую магчымасць. Калі паміж імі ўзнікае сувязь, лінія ўзаемадзеяння, тады і з’яўляюцца творы, якія дарэчы — свае і для часу, і для месца, і для літаратуры. І якія адначасова арганічныя творцу.

Вось расце дрэва пры дарозе ці дзе яшчэ. Яно магло і не расці. Каму яно тут патрэбна? Нікому. Але ёсць тут такая ўнутраная патрэба, якая ўзнікае з законаў, што дзейнічаюць. Магчыма, непрактычных, магчыма, непрыкладных: яно расце і радуе нечае вока і служыць для некага арыенцірам. Нават для птушкі. Нават для самога краявіду. Так і творы. Калі мы будзем мераць творы толькі тым часам, у якім яны ўзнікаюць, то, магчыма, не знойдзем крытэрыю. Таму што крытэрый можа з’явіцца і пазней. Праз нейкія гады ці дзесяцігоддзі. Але ў тым, што дрэва расце і павінна расці, выяўляецца заканамернасць.

Ёсць, як кажуць, законы для цела і ёсць законы для душы. Лепш за ўсё, калі яны не разасабляюцца, а ўзаемададаюцца — цела слухаецца душы, а душа разу мее цела. Яны не розныя пачаткі, а адзін і той жа, адно на розных узроўнях. Але калі ўзнікаюць сітуацыі, што трэба нешта выбіраць, нечым ахвяравацца, некуды кіравацца, вось тут якраз важна пачуць, што кажа душа. Мы яе не чуем альбо чуем далёка не заўсёды: у цела свой розум, у душы свой. Магчыма, так і з паэзіяй. Калі аддаваць перавагу зямным законам, то так, нешта будзе накшталт паэзіі: будуць і радкі, будуць і рыфмы, будуць і вершы. Але не будзе ў іх хапаць зорнасці, нябеснасці, і ў той жа час і касмічная паэзія, калі карыстацца гэтым найменнем, сваёй асновай, сваёй сядзібай і сваім адрасатам мае гэтую планету, гэтую зямлю, гэтае жыццё.

І таму яна — вестка, і таму яна здольная гаварыць словы, што кранаюць саму чалавечую існасць.

З нізкі гутарак з Галінай Шаблінскай, 1993

Невядомая велічыня

У вершы, калі ён праўдзівы, прысутнічае невядомая велічыня і адтаго, наколькі яна прысутнічае, ён праўдзівы.

Яна больш, чым змест, яна першазмест, і першазмест усіх вершаў невядомая велічыня. Ёю яны распазнаюцца і ёю слушныя, да яе звернуты і ёю абумоўлены.

У што мы ўслухоўваемся, калі верш чытаем ці згадваем верш напамяць? Так, у яе, у невядомую велічыню. Застаючыся ў вершы, яна па-за вершам, яна відушчая, але самой яе не відаць, дзякуючы ёй кшталты набываюць азначэнні, а  словы найменні, аднак сама яна ўхіляецца ад найменняў і  азначэнняў, і самае большае, што верш здольны зрабіць — выявіць яе прысутнасць. Пра што б ён ні быў, яго змест суадносіцца з ёю, астатняе ўмовы і акалічнасці, дзякуючы альбо насуперак якім гэта адбываецца.

Верш вынікае з  суадносіны вядомага і  невядомага: у ім невядомае ўводзіцца ў вядомае так, што застаецца не ўведзеным, і вядомае выводзіцца з невядомага так, што застаецца нявыведзеным.

Пра што б ён ні быў, ён заўсёды застаецца дарэшты недатлумачаным, у ім прысутнічае тое, што, разгортваючы прастору для вытлумачэння, само ім не схопліваецца, што схопліваецца, дык гэта вестка: тое, што перастала ўжо быць невядомым і яшчэ вядомым не сталася.

Верш ведае вестку.

Зацемкі з зімовага саду, 2015

Болей пра кнігу...
Апублікавана ў Урыўкі з кніг
Падзяліцца
←  НавейшыБрысь, мова, брысь. Урывак з новага рамана Альгерда Бахарэвіча
Ранейшы  →Перекати-море. Феликс Аксёнцев, Александр Кригель

Падобныя запісы

  • Віленскі покер
    8 кастрычніка 2017

    [18+] Рычард Гавяліс — Віленскі покер. Адцінак з кнігі

    Кананічны раман літоўскай літаратуры, перакладзены на ангельскую, французскую, латыскую ды македонскую, нарэшце выходзіць і па-беларуску. З’явіўшыся напярэдадні адраджэньня літоўскай незалежнасьці, «Віленскі покер» стаў пунктам адліку новай літоўскай літаратуры. Чытачы й крытыкі пагадзіліся, што раман «адважна і шчыра дасьледуе цёмныя закуткі літоўскай гісторыі й духоўнасьці». Супрацоўнікі Міністэрства будаўнічых матэрыялаў дадалі, што «каньюнктурная палітыка, пераплеценая з эротыкай, [...]
  • Ганс Ульрых Гумбрэхт
    2 кастрычніка 2017

    Як магчыма сёння разважаць пра існасць літаратуры. Ганс Ульрых Гумбрэхт

    …Мне падаецца, што, пакуль літаратуразнаўства захраслае паміж гэтымі дзвюма пазіцыямі, чые кантрасты і напружанні могуць нейтралізаваць адна адну, яму пагражае стагнацыя. Каб пераадолець гэтую пагрозу, якая ўжо часткова матэрыялізавалася, нам патрэбная “трэцяя пазіцыя”. Такую трэцюю пазіцыю ў анталогіі літаратуры, да якой я жадаю звярнуцца, можна найлепш праілюстраваць (вельмі нязручным для перакладу) нямецкім словам “настрой” (Stimmung). Паводле назвы кнігі “Чытанне дзеля сюжэта”, выкладзенай маім калегам з Ельскага ўніверсітэта Пітэрам Бруксам некалькі гадоў таму, я б хацеў прапанаваць, каб вытлумачальнікі ды гісторыкі літаратуры чыталі з настроем у думках. Гэта не ў апошнюю чаргу звязана з маёй упэўненасцю ў тым, што сёння большасць непрафесійных чытачоў, самі таго не ўсведамляючы, звяртаецца да тэкстаў менавіта з гэтай арыентацыяй.

  • Перекати-море. Феликс Аксёнцев, Александр Кригель (вокладка)
    11 лістапада 2017

    Перекати-море. Феликс Аксёнцев, Александр Кригель

    Надоечы выйшла з друку трэцяя кніга вершаў Фелікса Аксёнцава — “Перекати-море”, сумесны праект з сябрам, амерыканскім мастаком беларускага паходжання Аляксандрам Крыгелем. Фелікс — аўтар тэкстаў да знакавых альбомаў гурта “ULIS”. З 1996 року жыве ў Ванкувары (Канада), дзе працуе ў адным з унівэрсытэтаў. Палотны Алекса выстаўляюцца ў мастацкай галерэі Саатчы, а таксама захоўваюцца ў прыватных [...]
  • Mindaugas Papinigis, Alvydas Šlepikas
    14 снежня 2016

    Альвідас Шляпікас — Бог дажджу. Урывак з кнігі

    Сігітас быў і смешны, і часам дурны. Але ніколі не меў грошай. Зрэдку меў, вядома, але яны вельмі хутка сканчваліся. Ён нікому не шкадаваў, вельмі хутка пускаў усё на вецер, а пасля нічога не памятаў, што камусьці ставіў, кагосьці частаваў. Сігітас быў з тых, хто надакучвае. Але часам ён прыдумваў такое, што яшчэ доўга ўсе рагаталі. У Жагунісаў раз выпівалі, а Сігітас як заўсёды клянчыць…

  • © 2018 Логвінаў
  • Тэксты
  • Крама
  • Пра нас
  • About us