cover-gosci

Праклятыя госьці сталіцы. Альгерд Бахарэвіч

Увесь дом чуў, як яго зачыналі: жонка мясцовага актывіста Мінуса, якая віталася з суседзямі заўсёды шэптам, на гэты раз лямантавала як рэзаная, насаджваючы нядаўна пабудаваную хрушчоўку на свой крык, нібы мяса на шампур. Мужчыны весела падміргвалі адзін аднаму, кабеты, хаваючы абурэньне, удавалі трывогу: ці мала што? (хаця б вокны пазачыняла)… Аднак столькі было ў гэтым ляманце радаснай моцы, моцы сусьветнага патопу, такім ён быў красавіцкім, антысавецкім, усепераможным, што нават школьнікі, якія гулялі ў двары ў штандар, разумелі: цётцы вельмі, вельмі добра… Дый не магло, ня мела права ў кватэры нумар дзевятнаццаць адбыцца анічога благога, там заўсёды жылі як душа пад душам Шарко. Так што калі таварыш Мінус з папкай пад пахаю вяртаўся дахаты з таварыскага суду, суседзі сустракалі яго звычнай нянавісьцю, і толькі малады практыкант з жэку чамусьці горача паціснуў руку.