3 найлепшыя вершы Вальжыны Морт з кнігі “Эпідэмія ружаў”

abviestka-mort (1)

паводле рэдактара кнігі Альгерда Бахарэвіча

Мінская Песня

Няміга цячэ

праз вушка іглы.

 

Няміга цячэ

праз ныркі сабак.

 

Мармуровыя статуі –

трах аб зямлю,

і точаць сабою

Нямігі лязо.

 

Белае цела

гораду-крыві,

Нямізе-рацэ

Няміга-труба.

 

Нам у школе Нямігай

сяклі па рукох,

нам у школе Нямігай

прамылі мазгі

за тое, што мы знайсці не маглі

Нямігу на мапе зямлі.

 

А нам на Нямізе

мянялі багоў, як коней

на запятках.

 

Няміга цячэ па адваротным

баку мапы.

 

Горад трымае Нямігу,

як фігу,

за спінай,

 

а па Нямізе вязуць да нас

манга, какос, ананас.

 

Воўкі-лісы – па норах.

Птушкі – па гнёздах на дрэвах,

а ў ствалах – кругі па вадзе

разыходзяцца

гадавымі кольцамі.

 

Няміга цячэ –

час стаіць.

 

Гусі-гусі, га-га-га,

што вам сніцца?

Ня-мі-га.

 

Куры-куры, ко-ко-ко,

Няміга – зубровае малако.

 

Няміга-матка,

дай яйка,

каторае з’ем на небе,

і адпусці нас

з куляю ў галаве,

як і мы адпускаем

вінаватых нашых.

 

 

Куля-рыбка,

жук-мяса,

цячэ рэчка,

ну і намастэ.

 

Беларуская мова

 

 

 

1

 

Нават нашы маці не знаюць, як мы з’явіліся ў свет,

як мы самі, рассунуўшы іхнія ногі, вылезлі вонкі.

Так вылазяць пасля бамбардыроўкі з руінаў.

Мы не ведалі, хто з нас хлопец, а хто дзяўчына,

і жэрлі зямлю і думалі, што жарэм хлеб.

 

А нашая будучыня —

гімнастачка на тонкай нітачцы далягляду —

што там яна толькі

ні вырабляла,

бля.

 

Мы выраслі ў краіне, дзе

спачатку крэйдай крэсляць дзверы,

і ўночы прыязджаюць дзве-тры машыны

і звозяць нас, але

ў тых машынах былі не мужчыны

з аўтаматамі

і не жанчына с касою.

Так да нас прыязджала каханне

і забірала з сабою.

 

Толькі ў грамадскіх туалетах мы адчувалі свабоду,

дзе за дзвесьці рублёў ніхто не пытаў, што мы там робім.

Мы былі супраць спёкі летам, супраць снега зімой,

а калі апынулася, што мы былі нашай мовай

і нам вырвалі языкі, мы пачалі размаўляць вачыма.

 

 

Калі нам выкалалі вочы, мы пачалі размаўляць рукамі.

Калі нам адсяклі рукі, мы размаўлялі пальцамі на нагах.

Калі нам прастрэлілі ногі, мы ківалі галавою на «так»,

і хіталі галавою на «не»… А калі нашыя галовы з’елі

жыўцом,

мы залезлі назад ў чэравы нашых спячых маці,

як у бомбасховішчы,

каб нарадзіцца ізноў.

 

А там на даляглядзе,

гімнастачка нашай будучыні

скакала праз вогненны абруч

сонца.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

2

 

За тваімі межамі, мая краіна,

пачынаецца вялізны дзіцячы дом.

І ты вядзеш нас туды, Беларусь.

Можа, нарадзіліся мы без ног?

Можа, не тым багам молімся?

Можа, табе ад нас гора?

Можа, мы невылечна хворыя?

Можа, няма чым табе нас карміць?

Так хіба ж не ўмеем мы жабраваць?

Можа, ты ніколі не хацела нас?

Але ж і мы напачатку

не ўмелі цябе любіць.

 

Твая мова такая маленькая,

што яшчэ й размаўляць не ўмее.

А ты, Беларусь, у істэрыцы,

табе ўсё здаецца,

што акушэркі пераблыталі скруткі.

Што ж табе зараз, карміць чужое дзіця,

сваім малаком паіць мову чужую?

Мову, што ляжыць сіняя на падваконні.

Ці мова гэта, ці шэрань мінулагодняя,

ці шэрань гэта, ці толькі цень ад іконы,

ці цень гэта, ці проста нічога.

 

Гэта не мова.

У ёй няма аніякай сістэмы.

Яна, як смерць, раптоўная і неразборлівая,

як смерць, ад якой немагчыма памерці,

як смерць, ад якой мерцвякі ажываюць.

 

Мова, дзеля якой дзяцей кладуць на патэльню,

мова, дзеля якой брат забівае брата,

мова, ад якой нікому не ўратавацца,

мова, што нараджае ўродаў-мужчын,

нараджае жанчын-жабрачак,

нараджае безгаловых жывёлаў,

нараджае жаб з чалавечымі галасамі.

 

Гэтая мова не існуе!

Яна нават не мае сістэмы!

З ёй размаўляць немагчыма,

яна адразу б’е ў морду!

Нават на святы

гэтую мову па горадзе не развесіш…

Яе ўжо не ўпрыгожаць ні феерверкі,

і ні неон,

 

я а клала на тую сістэму свой АКАРДЭОН.

 

А мой акардэон —

 

ён як расцягне мяхі

— як горныя вярхі —

такі мой акардэон.

Ён ежу бярэ з рукі,

ён ліжа і, як дзіця,

не злазіць з маіх кален,

але, калі трэба, ён

пакажа свой траляля!

 

 

Пра аўтара

Літаратурны дом Логвінаў © 2017 Усе правы абароненыя

Powered by WordPress