Этгар Керэт. Каханьне зь першага віскі

Урывак з кнігі “Сем добрых гадоў”

Крыху пра “Сем добрых гадоў”. У сваёй першай непразаічнай кнізе  Этгар Керэт піша пра важныя для яго рэчы, што адбыліся за гэты перыяд  – ад нараджэння сына да смерці бацькі. У гэтых смешна-сумных перад чытачом паўстае панарама супярэчлівай рэчаіснасці – у Ізраілі і ў свеце, сёння і ўчора. Пра тое, як Этгараў бацька (родам з Баранавіч) па вайне купляў у італьянскай мафіі зброю для габрэйскага падполля ў Зямлі Ізраілю, пра тое, як маці выжывала ў гета, пра брата, актывіста легалайзу, які з’ехаў у Таіланд, і сястру, якая завяла ультраартадаксальную сям’ю з тузінам дзяцей; пра “Дом Керэта” – самы вузкі дом у Еўропе.

Восем гадоў таму мае бацькі адзначылі сорак дзявятую гадавіну свайго вясельля ў крыху сумных абставінах – тата сядзеў за сьвяточным сталом з распухлымі шчокамі і вінаватым выглядам чалавека, які хавае ў роце арэхі. “Пасьля таго, як яму ўставілі імплантат, ён выглядае як хітрая вавёрка, – сказала маці, не хаваючы зьедлівасьці. – Але доктарка паабяцала, што праз тыдзень усё пройдзе”. “Яна дазваляе сабе так казаць, – адказаў бацька з папрокам, – бо ведае, што цяпер я не магу яе ўкусіць. Але не хвалюйся, мамэлэ. У вавёрак доўгая памяць”. І каб пацьвердзіць гэтую заяву, бацька перанёсься ў часе на пяцьдзясят гадоў назад і расказаў нам з жонкай, як ён пазнаёміўся з маёй маці.

Бацьку было дваццаць дзевяць гадоў, ён наладжваў у дамах электрычнае абсталяваньне. Кожны раз, здаўшы чарговы аб’ект, ён ішоў на два тыдні ў загул і распускаў увесь свой заробак, пасьля чаго два дні адлежваўся, і тады пачынаў працу на іншым аб’екце. Падчас аднаго такога загулу ён завітаў зь сябрамі ў нейкі румынскі рэстаран на тэль-авіўскай набярэжнай. Ежа была так сабе, але пітво – ў парадку, а цыганскія музыкі – проста фантастычныя. Бацька слухаў музыкаў, якія гралі свае жаласьлівыя мэлёдыі, яшчэ доўга пасьля таго, як усе сябры вырубіліся і іх развялі па дамáх. Нават пасьля таго, як пайшоў апошні наведнік і старэнькі гаспадар сказаў, што рэстаран зачыняецца, бацька не хацеў расставацца з музыкамі. З дапамогай шэрагу камплімэнтаў і пэўнай сумы грошай ён здолеў угаварыць цыганоў стаць на адну ноч яго асабістым аркестрам. Яны пайшлі за ім уздоўж набярэжнай, граючы як багі. У нейкі момант бацьку нясьцерпна захацелася адліць, і ён папрасіў свой прыватны бэнд зайграць нейкі энэргічны матыўчык, адпаведны фізіялягічнаму працэсу. Замовіўшы музыку, ён падышоў да найбліжэйшай сьцяны і прыступіў да таго, што людзі робяць пасьля празьмернага спажываньня вадкасьцяў. “Усё было проста цудоўна, – сказаў ён, зьзяючы вавёрчынай усьмешкай, – музыка, краявід, лёгкі марскі брыз”.

Празь некалькі хвілінаў гэтую эўфорыю спыніў паліцэйскі аўтамабіль, які быў выкліканы, каб затрымаць бацьку за парушэньне грамадзкага спакою і несанкцыянаваную дэманстрацыю. Выявілася, што сьцяна, на якую ён вырашыў аблегчыцца, была заходняй сьцяной францускай амбасады, і ахоўнікі падумалі, што чалавек, які мочыцца пад акампанэмэнт жыцьцярадаснай цыганскай музыкі, ладзіць такім чынам нейкі крэатыўны палітычны пратэст. Доўга ня думаючы, яны выклікалі паліцыю. Паліцыянт запхнуў бацьку, які й ня думаў супраціўляцца, на задняе сядзеньне машыны. Там было мякка і ўтульна, і пасьля доўгай ночы бацька быў рады нечаканай нагодзе трошкі падрамаць. У адрозьненьне ад бацькі цыганы былі цьвярозыя і ўпарта супраціўляліся затрыманьню, абурана даводзячы, што не зрабілі нічога незаконнага. Паліцыя паспрабавала запхнуць у машыну і іх, і сярод гэтай сумятні малпа, што належала аднаму з музыкаў, укусіла галоўнага паліцыянта. Той азваўся дзікім рыкам, разбудзіўшы бацьку, які, як і кожны цікаўны чалавек, тут жа вылез з машыны, каб паглядзець, што там адбываецца. Ён пабачыў, што каля машыны паліцыянты забаўна валтузяцца з цыганамі, а вакол ужо сабраліся некалькі разявакаў і назіраюць за незвычайным спэктаклем. Сярод іх была рудавалосая прыгажуня. Нават праз алькагольную імглу бацька здолеў разгледзець, што гэта была найпрыгажэйшая жанчына, якую ён толькі бачыў у сваім жыцьці. Ён выцягнуў з кішэні свой працоўны нататнік, дастаў аловак, які заўсёды трымаў напагатове за правым вухам, падышоў да маёй маці, прадставіўся інспэктарам Эфраімам і спытаўся, ці была яна сьведкам інцыдэнту. Маці, спалоханая, сказала, што толькі што падышла, але тата настойваў на тым, што мусіць запісаць яе кантактныя дадзеныя, каб пасьля можна было яе апытаць. Яна дала яму свой адрас, але перш чым інспэктар Эфраім пасьпеў яшчэ нешта сказаць, на яго наваліліся два разьюшаныя паліцыянты, надзелі яму кайданкі і зацягнулі назад у машыну. “Будзем у кантакце”, – крыкнуў ён маме з сваім заўсёдным аптымізмам, калі машына ад’яжджала зь месца падзеяў. Мама прыйшла дадому, дрыжучы ад страху, і сказала дзяўчыне, зь якой яны разам здымалі кватэру, што нейкі сэрыйны забойца хітрасьцю выцягнуў зь яе адрас. На другі дзень тата зьявіўся на парозе ў маёй маці цьвярозы і з букетам кветак. Яна адмовілася адчыніць дзьверы. Яшчэ праз тыдзень яны ўжо пайшлі ў кіно, а яшчэ праз год пажаніліся.
Прайшло пяцьдзясят гадоў. Інспэктар Эфраім кінуў электрычны бізнэс, а мая маці даўно не здымае кватэру на пару зь сяброўкай. Але калі надараецца нейкая асаблівая нагода, напрыклад, гадавіна вясельля, бацька дастае з буфэту адмысловую бутэльку віскі – таго самага, якое падавалі ў даўно забытым румынскім рэстаране, і налівае кожнаму па чарцы. “Калі доктарка сказала, што першы тыдзень толькі вадкае, яна мела на ўвазе суп, а ня гэта”, – кажа шэптам мама, калі мы стукаемся чаркамі. “Асьцярожна, мамэлэ, я ўсё чую, – кажа тата, запаўняючы прастору паміж распухлымі шчокамі глытком віскі. – А яшчэ празь дзесяць дзён мне можна будзе кусацца”.

Keret

У таксоўцы па дарозе ад бацькоў жонка кажа, што ў тым, як двое людзей пазнаёміліся, ужо закладзены намёк на тое, як яны пражывуць разам усё жыцьцё. “Мае бацькі, – сказала яна, – пазнаёміліся ў яскравых і незвычайных абставінах, таму іх жыцьцё заўсёды нагадвала карнавал”.

“А мы?” – спытаўся я. Я закахаўся ў жонку ў начным клюбе. Яна ўвайшла, калі я якраз зьбіраўся выйсьці. Да таго мы былі знаёмыя толькі павярхоўна. “Я ўжо зьбіраўся ісьці, – крыкнуў я, спрабуючы перакрычаць шумную музыку, калі мы сутыкнуліся каля дзьвярэй. – Мне заўтра рана ўставаць”.

“Пацалуй мяне”, – крыкнула яна ў адказ. Я застыў ад зьдзіўленьня. З таго, што я пра яе ведаў, яна здавалася вельмі сьціплай, і гэтая просьба была для мяне абсалютна нечаканай.

“Можа, я яшчэ трошкі пабуду”, – сказаў я.

Праз тыдзень мы ўжо былі парай. Яшчэ празь месяц я сказаў ёй, што тое “пацалуй мяне” ля дзьвярэй начнога клюбу, было самай сьмелай фразай, якую я толькі чуў з вуснаў дзяўчыны. Яна паглядзела на мяне і ўсьміхнулася: “Я тады сказала табе, што ты ўжо ня зловіш таксі”, – сказала яна. Як добра, што я недачуў.

“Мы? – задумалася жонка на хвілінку. – Мы таксама жывем так, як мы пазнаёміліся. Наша жыцьцё – гэта адно, а ты заўсёды выдумляеш нешта, каб яно было нечым іншым, цікавейшым. Як усе пісьменьнікі, так?”

Я паціснуў плячыма, адчуўшы ў яе словах лёгкі папрок. “Ня тое, каб я была супраць, – сказала жонка, пацалаваўшы мяне. – Можна сказаць, што ў параўнаньні зь сямейнай традыцыяй мачыцца нападпітку на сьцены амбасадаў я яшчэ лёгка выкруцілася”.

Пра аўтара

Літаратурны дом Логвінаў © 2017 Усе правы абароненыя

Powered by WordPress