Урыўкі з новай кнігі Кім Чжун Хо “Патрыятызм для чайнікаў”

 

Пераклад з паўночнакарэйскай мовы і перадмова  Сяргея Прылуцкага

 

Усё, што мы ведаем пра Паўночную Карэю, з папраўкай на пэўныя асаблівасьці і псіхалагічныя комплексы, можна сказаць і пра нас. Напрыклад, як некалі падзел на польскую і савецкую Беларусь, там ёсьць свой падзел – на поўдзень і поўнач. Праўда, у нас акупанты былі зьнешнія. У Карэі ж поўнач акупавалі сволачы свае, родныя, хоць і не без падтрымкі свалачэй звонку. У самой КНДР няма ніводнага вартага ўвагі жывога пісьменьніка/паэта. Чаго, канешне, ня скажаш пра Беларусь. Але і тут, і там хапае людзей, якія больш спраўна карыстаюцца языком, чым мовай і ўявай.

Да вашай увагі – вершы карэйца Кім Чжун Хо. Маладога аўтара, якому ўдалося ўцячы з КНДР, пры гэтым не паддаўшыся спакусе ператварыцца ў палітдзеяча і праваабаронцу, а застацца цудоўным паэтам. За што яму вялікі дзякуй.

0Bjz2LrmAgc

 

З прадмовы перакладчыка да кнігі “Патрыятызм для чайнікаў” (2016, Менск, “Логвінаў”):

“Кім Чжун Хо (1989? – 2014?) – паэт, які за тры гады, што прайшлі паміж выхадам яго першага і апошняга зборнікаў, здолеў зрабіць калясальную працу. Фактычна ён адзін выцягнуў паўночнакарэйскую паэзію з багны традыцыйнай паэтыкі.  Узброіўшы свае вершы гранічнай жорстаксьцю ды іроніяй,  ён спусьціў іх з ланцуга на бяззубы мясцовы літбамонд, які каторы дзясятак гадоў упарта перажоўвае сэнтымэнтальны мякіш і сёрбае пратухлы кісель псэўдапатрыятызму і сэрвільнасьці перад уладай. Да канца невядома, ці “Кім Чжун Хо” сапраўднае імя і прозьвішча аўтара, ці гэта псэўданім. Больш за тое, ніхто дагэтуль ня ведае, як ён выглядае, дзе нарадзіўся і вырас. І гэта ня дзіўна, бо за гэтыя вершы ўлады КНДР яшчэ ў 2011 годзе завочна прысудзілі аўтара да сьмяротнага пакараньня.”

 

летні лягер палонных

штогод бяру туды пуцёўку

сабе і дзецям –

 

разбавіць шэрыя будні

загартаваць волю

завесьці карысныя знаёмствы

 

там дрэнна кормяць

але добра б’юць

плюс непаўторная атмасфэра

 

хачу працаваць тут

паўтарае захоплены сын

 

а вы кажаце –страчанае пакаленьне

 

ёсьць на каго пакласьціся

будзе каму прынесьці мне

шклянку з атручанай вадзічкай

 

міжнародны фэстываль акупацыі

шаноўнае таварыства

кажа вядоўца добра пастаўленым да сьценкі голасам –

шчыра вітаем вас на вашай зямлі

 

ад банкетнага століка

адмыслоўцаў анэксіі

чуюцца бурныя аплядысмэнты

 

дазвольце аддаць вам даніну ня толькі павагі

мармыча вядоўца

на сцэну выходзяць дзеўкі з хлебам і сольлю

 

тым часам агенты спэцслужбаў у кутку

падымаюць ціхенька фужэры з шампанскім

за чарговыя зорачкі на пагонах

 

на галёрцы простай публіцы

раздаюць сьцяжкі ў шырокім асартымэнце

плюс пайкі ў падарудак

 

далей выходзіць да мікрафона

жывы клясік у жанры трагедый:

на адным плячы – дзяўчынка,

на другім – аўтамат

 

потым слова даюць

экзальтаваным вэтэранам –

ніяк не старэюць іх душы

 

а цяпер – кажа нарэшце вядоўца –

галоўная частка мерапрыемства:

гала-парад калябарантаў

плюс разынка фэсту – у фінале

сьвяточны расстрэл нязгодных

 

патрыятызм для чайнікаў

у гэтым месцы ніхто не жыве

тут толькі нараджаюцца

 

часам зранку

прабяжыць фізкультурнік

але ён – з іншага раёну

 

у гэтым месцы няма сэнсу

пераходзіць на іншы бок

іншую мову

трымацца свайго

 

сёньня прыйшоў сюды

думаў згадаць памерлых

але і іх тут няма

як кажуць – адарваліся ад каранёў

 

часам зайду ў пад’езд падымуся ў кватэру

а там – усё па-ранейшаму

толькі з-пад фарбы старой

усё больш праяўляецца надпіс

моваю акупанта

0_cf3ad_ecf8273e_XXL

свабода

 

усе хочуць

узімку – лета

улетку – зімы

 

праз гэта ў людзей рукі

растуць са сракі

людзі нэрвуюцца

 

хочуць войнаў

і ўміранасьці ў душы

 

некаторыя праўда

згадваюць яшчэ і восень

багіню хворых на галаву

 

нічога нічога

прыйдзе вясна

раскажа хто дзе сраў

 

пакажа

чым пахне свабода

 

сны

 

у краінах дзе нармальныя людзі

уцякаюць ад навакольнага пекла пад коўдру

вялікі дэфцыт псыхолягаў

і як сабак псыхіятраў

хаця не – сабак там больш

 

сьпі мой дружа

 

пакуль тваім суседзям

выдаюць чарговыя талёны на мыла

у капіталістычным сьвеце памірае

чарговая пляшка шампанскага

25344_900

уцекачы

 

самалёт што гудзе ўгары

мог бы быць дабрэйшым да нас –

 

скінуць  маленькую бомбачку

зь мірнага неба

 

адну на двох

 

бо забылі ўжо за ціхімі буднямі

як гэта –

мець нічога

любіць нішто

 

як гэта –

пісаць лісты падзякі

за страчаныя ілюзіі

 

маленькія войны

 

ці бываюць войны маленькімі

такімі што нават фіранка ані калыхнецца

ў эпіцэнтры падзеяў?

 

напэўна, так

 

вось

дывэрсійнымі групамі шашалі

выпраўляюцца ў парк

кляшчы з прусакамі

ідуць у рукапашны бой з клапамі

кот тэрарызуе гаспадыню

канарэйка ўцякае з палону

 

збольшага ўсё прадказальна

але часам здараюцца дзівы

 

раптам

авечкі ваўкам выбіваюць зубы

куры захопліваюць лясы

эскадрыльлі мух

атакуюць павучыныя базы

мікробы адважна калянізуюць

бутлі са сьпіртам

 

але

гэта ўсё недзе там

па-за нашаю ведай

не кранаюць тамтэйшыя бітвы

канфлікты і сьмерці

аніводнага з нашых тонкіх пачуцьцяў

па-ранейшаму храпім у сьне

цешымся краявідамі

ляніва пераключаем каналы

з хронікі акупацыі

на хроніку вызваленьня

 

ведаем толькі тое

што перажылі на ўласнай скуры

што перабіла мільёны

ў войску нэрвовых клетак

і для чаго язык ніяк не падбярэ

дакладных словаў

 

давайце ня будзем людзьмі

 

я ведаю, гэта цяжка

 

але ж можна хаця б час ад часу:

 

ісьці ў вар’ятню

дзеля здаровага глузду

 

ператварацца ў жывёлу

і чуць за гэта словы падзякі

 

працоўныя радасьці

я нарадзіўся ў будаўнічым вагончыку

на зямлі чужога дабрабыту, чужога клопату

 

п’яная малярка спрацаванымі рукамі прымала роды

прараб зь веданьнем справы бегаў па чакушку

усхваляваны бацька накрываў на стол

 

а побач быў парк адпачынку

 

там ніхто не нараджаўся

 

мутанты

на ўскраіне

дзе пахне дзікасьцю

 

сустрэў цябе

ты сьвяцілася свабодай

як радыяктыўны рэактар:

 

дзьве рукі дзьве нагі

два сэрцы – са злосьцю і пяшчотай:

 

адно для мяне

другое спадзяюся таксама

 

любоў

 

жонка мая – прыгожая

багіня сьмерці з вышэйшай адукацыяй

 

працуе ў школцы,

выкладае дзецям рускую літаратуру

 

сёньня ў нас 40 дзён па вясельлі

куплю ёй кветкі

хай вянуць

хай вянуць

 

тэлефонная будка сэрца

 

там нехта ўнутры

набірае нумар

 

кажа: усё дрэнна

ўсё вельмі дрэнна

 

быццам бывае добра

быццам яго нехта чуе

 

быццам і не вырывалі шнур

з гэтага дурацкага апарату

 

астранаўты

 

у гаражным каапэратыве “Космас”

мужыкі выпіваюць штовыходныя

потым кладуцца пад плотам

глядзяць на зоркі –

 

вось гэтая яркая –

маладая прадавачка з прадуктовага

а гэтая што падае проста ў рукі –

суседка, да яе ўсе ходзяць

 

там, на поўдні,

міргае сузор’е палюбоўніц

 

а з поўначы бліскае кораш

чарговай пляшкай –

 

ён ідзе з каапэратыва “Ракета”

там у іх паліва – заваліся!

 

 

Пра аўтара

Літаратурны дом Логвінаў © 2017 Усе правы абароненыя

Powered by WordPress