Урывак з рамана «Варашылаўград» Сяргея Жадана

Varashylauhrad

— Ігнат Юр’евіч, — урэшце не вытрымала Вольга. — Я вас вельмі прашу. Зрабіце гэта для мяне.

— Для цябе? — здзіўлена паглядзеў на яе стары. — Але гэта не табе патрэбна, а вось яму, — паказаў ён на мяне. — Бізнэсоўцу.

— Так, Ігнат Юр’евіч, — я паспяшаўся нешта ска­заць. — Я таксама вас прашу.

— Якога чорта? — стары, падобна, свядома правакаваў мяне. — Што ты просіш, унучак?

— Ігнат Юр’евіч, — я падышоў бліжэй. — Вы ж ведаеце майго брата.

— Ну і што? — стары быў абыякавы. Вольга ў роспа­чы сціскала вусны. Наташа непрыкметна адставіла ўбок кубак з ромам.

— Я падумаў, — працягнуў я, — раз ужо вы працавалі з братам, можа, вы і мне дапаможаце.

— Чаму я мушу табе дапамагаць, унучак? — Ігнат Юр’евіч дастаў з кішэні пінжака старыя акуляры ў рага­вой аправе, нацягнуў іх на нос і ўважліва мяне агледзеў.

— Ну, мы ўсё-ткі ў адным бізнэсе.

— Гэта ты ў бізнэсе, унучак, — перабіў мяне стары, — ты. А я на адказнай пасадзе. Разумееш?

— Разумею.

— Я, каб ты ведаў, пенсіянер рэспубліканскага значэння. І я на партыйнай працы з 52-га года, ты разумееш, што гэта значыць?

— Прыблізна.

— А ты кажаш — у бізнэсе, — супакоіўся стары, рап­там выхапіў з-пад Наташы кубак з ромам і выліў яго сабе паміж устаўных сківіц. А тады задаволена адхінуўся на падушкі і млява паглядзеў на Вольгу.

Я зразумеў, што справы складаюцца не на маю карысць. Патрэбна было нешта рабіць.

— Ігнат Юр’евіч, — падышоўшы, я сеў да старога на ложак. Той не чакаў такіх паводзінаў і з апаскаю падабраў ногі. — Дазвольце мне сказаць, усяго пяць хвілін, добра?

— Ну-ну, — стары адсунуўся да сценкі, прыціскаючы да грудзей пусты кубак.

— Можна мне глыток? — я пацягнуўся за кубкам. Ігнат Юр’евіч адразу неяк абмяк і пакорліва аддаў мне пасудзіну. — Наліце трошкі, — я працягнуў кубак Ната­шы. Тая запытальна глянула на старога, але ўсё ж наліла ў кубак з цёмнай пляшкі. Я выпіў усё адным глыт­ком. Ром стаў у горле, бы клубок валасоў, я цяжка праглынуў і загаварыў, з даверам схіляючыся да старога. — Ігнат Юр’евіч, дайце я вам скажу, і потым мы пойдзем. Вы ведаеце, я сапраўды не вельмі даўно ў бізнэсе. Ну, то-бок на гэтай адказнай пасадзе. І стажу ў мяне аніякага, калі гаварыць па шчырасці. Па вялікім рахунку, не магу нават сказаць, што мне гэтая праца падабаецца. Увесь гэты бензін, ён жа таксічны, вы ж самі ведаеце, праўда? Таму да чаго я вяду? Калі б рэч была толькі ўва мне, я б даўно ўсё гэта кінуў і з’ехаў бы адсюль куды падалей, вы разумееце?

Стары затрос галавою.

— Але неяк так сталася, што рэч не толькі ўва мне і, так ці інакш, патрэбна зараз усё гэта разграбаць. Бо, так ці інакш, гутарка ідзе не толькі пра мяне. Гутарка ідзе пра нейкія важныя рэчы, важнасць якіх я для сябе, магчыма, яшчэ не да канца разумею, але вось гляджу на вас, Ігнат Юр’евіч, і адчуваю, што ёсць у гэтым нешта такое, ад чаго нельга проста так адмовіцца.

Ігнат Юр’евіч глуха ляснуў сківіцамі.

— Разумею, што я вам, хутчэй за ўсё, не падабаюся, больш за тое, магу зразумець, калі захачу, вядома, прычыны гэтай вашай дурнаватай, Ігнат Юр’евіч, насцярожанасці — я не ў бізнэсе, не маю досведу, вы мяне наогул не ведаеце, у мяне нават няма стажу партыйнай пра­цы, але чорт яго бяры, Ігнат Юр’евіч, няўжо абавязкова трэба мець партыйны стаж, каб не абасрацца ў кры­тычнай сітуацыі? Няўжо для гэтага сапраўды патрэбны партыйны стаж, скажыце мне?

— Кубак аддай, — ціха сказаў на гэта Ігнат Юр’евіч.

— Што? — не зразумеў я.

— Кубак, кажу, аддай, — паўтарыў стары.

Я працягнуў яму яго пасудзіну, ён схаваў яе пад падушку і задуменна зняў акуляры.

— Здаецца, ты някепскі хлопец, — сказаў праз пэўны час. — Прызнаюся шчыра, я цябе недаацэньваў. Добра, — ён дзелавіта пляснуў у ладкі, і ў вачах яго зноў выбліснула бязлітасная ленінская хітрынка. — Я да­памагу табе.

— Дзякую, — з палёгкай выдыхнуў я, аднак Ігнат Юр’евіч не даў мне выдыхнуць да канца.

— З адной умовай, — дадаў ён. — Згуляеш са мною ў рухі.

— У што? — не зразумеў я.

— У рухі, — паўтарыў Ігнат Юр’евіч, задаволена назіраючы за маёй разгубленасцю. — Ну, у гарадкі. Улюбё­ная гульня акадэміка Паўлава ды графа Талстога. Ты як ставішся да графа Талстога?

— Пазітыўна, — адказаў я.

— Вось і цудоўна. Выйграеш у мяне — дапамагу табе. Прайграеш — ідзі з богам і не замінай мне лекавацца.

— А можна неяк дапамагчы мне без рухаў? — перапытаў я на ўсякі выпадак.

— Не, унучак, — строга адказаў Ігнат Юр’евіч. — Без рухаў — ніяк нельга.

Я азірнуўся на Вольгу. Тая толькі роспачна закаціла вочы. З-за ейнай спіны зласліва выглядваў пацы­ент з газетаю. У кутку павольна дагніваў трэці невядо­мы. Трэба было рабіць выбар. Рухі, падумаў я, дык рухі. Урэшце, што гэты стары можа зрабіць, на маiм баку маладосць і імпэт, на ягоным — толькі партыйная дысцыпліна. Я наважыўся рызыкнуць.

— Добра, — сказаў я, — рухі — дык рухі. А не абдурыце?

— Што за размовы, унучак, — дзелавіта адказаў Ігнат Юр’евіч, лёгка саскочыў на падлогу і замітусіўся па пакоі. — Рухі! — закрычаў ён энергічна. — Рухі!

Ён ураз перамяніўся, некуды падзеліся ягоныя нервовасць і нядаўняя няўпэўненасць, ён увесь неяк падцягнуўся, наструніўся, нібы баявы сабака, і гойсаў па палаце, выцягваючы аднекуль з-пад памерлага су­седа чаравікі для гольфа і чорную бейсболку з белымі літарамі NY.

— Рухі! — выгукнуў стары, адчыняючы дзверы магутным ударам гумовага тэпця. — Хай нас рассудзіць спорт!

Дзверы расчыніліся, і насустрач Ігнату Юр’евічу высыпаў гурт пацыентаў, якія, відаць, падслухоўвалі нашую размову і чакалі забаўкі, якія тут, можна меркаваць, здараліся не надта часта. Ставілі яны, пэўна ж, на Ігната Юр’евіча, ён быў іхнім фаварытам, на мяне толькі кідалі кплівыя, поўныя скепсісу позіркі. Увесь гармідарны натоўп быў апрануты ў бальнічныя халаты і спартовыя касцюмы, хтось меў франтавыя ордэны, на кімсьці былі парваныя ў баях гімнасцёркі. Мужчыны з мыліцамі выскальваліся жоўтымі сточаны-мі зубамі, а жанчыны з гіпсавымі павязкамі на руках пасміхаліся густа нафарбаванымі ратамі, якія рабілі іх падобнымі да клоўнаў-забойцаў. І ўвесь гэты клу­бок хранічных хваробаў пакаціўся ў санаторны сад, за старыя карпусы, дзе між яблынькамі вытаптана была даволі-такі прасторная гульнявая пляцоўка. Мы з Воль­гай і Наташай паспяшаліся за пацыентамі, Наташа несла ў адной руцэ інгалятар для старога, а ў другой — абабітыя жалезам біты, з дапамогаю якіх мы і павінны былі высветліць стасункі. Уся мая мужнасць ды бая­вы настрой хутка расталі і выветрыліся. Вольга кідала на мяне занепакоеныя позіркі, аднак маўчала, не жада­ючы, пэўна, мяне дарэшты напалохаць.

У садзе паміж яблынямі ўжо размінаўся Ігнат Юр’евіч, спрытна закідваючы нагу за галаву і па-кацінаму прагінаючыся ў густой траве. Ён мяне проста-такі палохаў. Ці варта казаць, што па-сапраўднаму я ў гэтыя самыя гарадкі ніколі ў жыцці не гуляў. Усё, што мне было вядома пра гэтую гульню, хіба тое, што ёй, апроч графа Талстога ды акадэміка Паўлава, захапляўся Уладзімір Ільіч Ленін, што, шчыра кажучы, аніякага аптымізму не дадавала.

Усе занялі свае месцы. Мы з Ігнатам Юр’евічам, Вольгай і Наташай стаялі на баявой мяжы, а група падтрымкі рассыпалася па садзе, збіраючы рушыны і расстаўляючы іх у належным парадку. Ігнат Юр’евіч дзелавіта падышоў да Наташы, узяў у яе нейкія кіслотныя карамелькі, закінуў іх у сваю жалезную пашчу, пера-малоў бранябойнымі сківіцамі і ўзяўся тлумачыць правілы гульні.

— Слухай сюды, унучак, — сказаў, пагойдваючы бітой. — Усё вельмі проста. Гуляем пятнаццаць фігур. Хто выбівае першы — той і чэмпіён. Хто прайграў — за тым прыходзіць падатковая.

— Дайце мне фору, — папрасіў я.

— Чорта з два! — адгукнуўся Ігнат Юр’евіч і ступіў на баявую мяжу. — Фігура першая, гармата! — закрычаў ён у гушчыню.

Пад далёкімі яблынямі замітусілася група падтрымкі, старыя дахадзягі пацукамі зашмыгалі ў траве, выбудоўваючы для нас гарматы.

— Давай, унучак, з богам, — сказаў Ігнат Юр’евіч і адступіў убок.

Я ўзяў у рукі біту.

Ну што ж, падумаў, зараз пабачым, чыя возьме. Першая кінутая мною біта закапалася ў пясок, нават не даляцеўшы да мэты. Натоўп з таго боку радасна залямантаваў, вястуючы хуткую перамогу свайго ўлюбёнца. Таму другую біту я кідаў, арыентуючыся хутчэй на іхнія галасы. Снарад узляцеў у неба і сакавіта ўляпіўся ў патыліцу нейкага дахадзягі. Той квакнуў і заваліўся ў пясок. Яго адразу ж адцягнулі пад яблыні, кідаючы на мяне раззлаваныя позіркі.

— Ну што ж, — суха прамовіў на гэта Ігнат Юр’евіч. — Няблага для пачатку.

І ён хвацка запусціў бітой у паветра. Біта зрабіла дзіўнае паўкола і, крута спланаваўшы, разваліла вы­будаваную гармату. Ігнат Юр’евіч перайшоў на паўкон і другой бітой дакончыў пачатае.

А тады пераможна азірнуўся да Наташы і выгукнуў у чэрвеньскае паветра:

— Фігура другая — відэлец.

Відэлец хутка быў пабудаваны. Далей гульня пра­цягвалася гэткім жа чынам — я разганяў сваімі ўдарамі пацыентаў, абіваў яблыневыя галінкі, прымушаў ветэранаў сноўдаць у траве ў пошуках снарадаў, а стары лёгка выбіваў усе свае фігуры, штораз усё болей уваходзячы ў азарт. Час ад часу да яго падыходзіла Наташа, ён удыхаў з інгалятара дзіўныя водары, ад якіх рука яго рабілася цвёрдаю, а вока — вострым. Нейкі эліксір маладосці быў у гэтым інгалятары, штосьці ён рабіў са старым, штосьці такое, ад чаго пачэснага ветэрана плюшчыла і падрывала, і ён лёгка выбіваў рушыны, бы чужых курэй з агарода. Я ж, як ні намагаўся, як ні надрываўся і не злаваў, не мог нічога зрабіць — біты мае ляцелі куды заўгодна, толькі не ў цэль. Неўзабаве пер­шая партыя была ганебна для мяне завершаная.

— Другая партыя, другая партыя! — радасна закурняўкаў Ігнат Юр’евіч, і траўмаваныя пацыенты таксама радасна падхапілі гэты пераможны спеў і зноў пачалі выбудоўваць фігуры.

Я падышоў да Вольгі. Яна цяжка ўздыхала і адводзіла вочы.

— Германе, — сказала, — як для Сораса, ты хранова гуляеш у гарадкі.

Я не знайшоў што адказаць, і зноўку ўзяўся за біту.

Другую партыю я прайграў яшчэ хутчэй. Стары радаваўся і падскокваў на месцы, скалечаныя пацыенты акружылі яго і радасна крычалі, віншуючы з тры­умфам. Я таксама панура падышоў да Ігната Юр’евіча. Той абціраўся махровым ручніком з намаляваным на ім Мікі Маўсам і намагаўся заглынуць нейкія падоўжаныя пігулкі салатнага колеру.

— Ну што, унучак, — сказаў, хітра мружачыся, — усё слушна?

— Слушна, — вымушаны быў вызнаць я.

— Прыязджай яшчэ.

І ўвесь натоўп зноў радасна зароў. Я паціснуў яго старую, выглянцаваную гадамі і партыйным стажам руку і развярнуўся, каб ісці.

— Гэй, — раптам паклікаў мяне Ігнат Юр’евіч. — Бізнэсоўца хуеў. Ты што — так і пойдзеш? А як жа справы?

— Я ж прайграў, — адказаў я.

— Ідзі сюды, — загадаў Ігнат Юр’евіч.

Я падышоў.

— Што гэта ў цябе?

— Навушнікі, — адказаў я, не разумеючы, чаго ён хоча.

— Працуюць ці проста так носіш?

— Працуюць.

— Давай так, — раптам па-хлапечы загарэўся Ігнат Юр’евіч. — Ты мне навушнікі, а я табе дапамагаю.

Я моўчкі скінуў навушнікі, дастаў плэер і аддаў старому. Той узважыў яго на далоні і паглядзеў на мяне.

— Што з табою такое, унучак? — спытаўся. — Чаму так лёгка аддаеш тое, што належыць табе?

— Вы ж папрасілі, — не зразумеў я.

— А калі я папрашу цябе адсмактаць, што ты будзеш рабіць? — зацікаўлена спытаў Ігнат Юр’евіч.

Я не ведаў, што адказаць. Стары мяне проста дабіваў.

— Трымай, — працягнуў ён мне плэер. — Трэба бараніць тое, што належыць табе паводле права. А то так і будзеш хадзіць — без навушнікаў, без бізнэсу і пар­тыйнага стажу. Зразумеў?

— Зразумеў, — адказаў я, намагаючыся не глядзець на Вольгу.

— Ну, тады пайшлі, — стомлена вымавіў Ігнат Юр’евіч, — дакументы ў мяне ў палаце. Будзьма ратаваць твой чортаў бізнэс.

Пераклад з украінскае: Віталь Латыш

Пра аўтара

Літаратурны дом Логвінаў © 2017 Усе правы абароненыя

Powered by WordPress