Чорнае дрэва: Aфрыканская ліхаманка. Рышард Капусцінскі — Урывак з кнігі

У Афрыцы я жыў шмат гадоў. Першы раз я паехаў туды ў 1957-м. Потым наступныя сорак гадоў я вяртаўся, як толькі здаралася нагода. Багата падарожнічаў. Пазбягаў афіцыйных шляхоў, палацаў, важных асоб і вялікай палітыкі. Замест гэтага я любіў ездзіць на выпадковых грузавіках, вандраваць з качэўнікамі па пустыні, гасцяваць у сялян трапічнай саваны. Іх жыццё — гэта цяжкая праца, пакута, якую, аднак, яны пераносяць з вартай здзіўлення стойкасцю і спакоем.

Гэтая кніга не пра Афрыку, яна пра некаторых людзей адтуль, пра спатканні з імі, пра супольна праведзены час. Гэты кантынент занадта вялікі, каб апісаць яго. Гэта сапраўдны акіян, асобная планета, разнародны, вельмі багаты космас. Мы толькі вельмі спрошчана, дзеля зручнасці гаворым «Афрыка». У сапраўднасці, акрамя геаграфічнай назвы, Афрыкі не існуе.

Чорнае дрэва. Рышард Капусцінскі

Чорнае дрэва: Афрыканская ліхаманка. Рышард Капусцінскі
Логвінаў, 2016

Пачатак, сутыкненне, Гана’58

Найперш у вочы кідаецца святло. Паўсюль — святло. Паўсюль — ясна. Паўсюль — сонца. Яшчэ ўчора восеньскі Лондан, які мокне пад дажджом. Самалёт, які мокне пад дажджом. Халодны вецер і цемра. А тут з самага ранку ўвесь аэрадром у сонцы, мы ўсе — у сонцы.

Раней, калі людзі вандравалі па свеце пешшу, ехалі верхам ці плылі на караблях, падчас падарожжа яны прызвычайваліся да пераменаў. Зямныя карціны праходзілі перад іх вачыма павольна, сцэна свету ледзь паварочвалася. Падарожжа цягнулася тыднямі, месяцамі. У чалавека быў час на тое, каб зжыцца з іншым атачэннем, з новым краявідам. Клімат таксама мяняўся паэтапна, паступова. Перш чым падарожнік дабіраўся з халоднай Еўропы да распаленага экватару, ён ужо меў за сабой прыемную цеплыню Лас-Пальмас, гарачыню Эль-Магары і пекла Зялёнага Мысу.

Сёння ад гэтай паступовасці нічога не засталося! Самалёт імкліва вырывае нас са снегу і марозу і таго ж самага дня кідае ў распаленую адхлань тропікаў. Раптоўна, не паспеўшы працерці вочы, мы ўжо знаходзімся ў сярэдзіне вільготнага пекла. Адразу пачынаем пацець. Калі мы прыляцелі з Еўропы зімой, то скідаем паліто, здымаем швэдры. Гэта першы абрад ініцыяцыі людзей Поўначы па прыбыцці ў Афрыку.

Людзі Поўначы. Ці задумваліся мы, што людзі Поўначы складаюць на нашай планеце выразную меншасць? Канадцы і палякі, летувісы і скандынавы, частка амерыканцаў і немцаў, расейцы і шатландцы, лапландцы і эскімосы, эвенкі і якуты — спіс не такі ўжо і доўгі. Не ведаю, ці ўключае ён увогуле каля пяцісот мільёнаў людзей — менш за дзесяць адсоткаў жыхароў планеты. Тады як значная большасць людзей жыве ў цяпле, усё жыццё грэецца на сонцы. Зрэшты, чалавек нарадзіўся пад сонцам, самыя старыя сляды чалавека знойдзеныя ў цёплых краях. Які клімат панаваў у біблейскім раі? Панавала вечная цеплыня, проста гарачыня, так што Ева і Адам маглі хадзіць голымі і нават у цені дрэва не адчувалі холаду.

Ужо на трапе самалёта нас сустракае яшчэ адна навіна: пах тропікаў. Навіна? Але ж гэта той самы пах, які напаўняў невялічкую краму пана Канцмана «Каланіяльныя і іншыя тавары» на вуліцы Пэрэца ў Пінску. Міндаль, гваздзікі, фінікі, какава. Ваніль, лаўровае лісце; апельсіны і бананы ад штукі, кардамон і шафран на вагу. А Драгобыч? Памяшканні цынамонавых крамаў Шульца? Гэта іх «слаба асветленыя, цёмныя і ўрачыстыя памяшканні духмяніліся насычаным пахам фарбаў, сургучу, ладану, водарам далёкіх краінаў і рэдкіх матэрыялаў!» Аднак пах тропікаў крыху іншы. Хутка мы адчуем яго цяжар, яго ліпкую матэрыяльнасць. Гэты пах адразу паведаміць нам, што мы знаходзімся ў тым пункце зямлі, дзе багатая і нястомная біялогія няспынна працуе, нараджае, распаўсюджваецца і квітнее і адначасова хварэе, распадаецца, парахнее і гніе.

Гэта пах разагрэтага цела і сушанай рыбы, сапсаванага мяса і печанай касавы, свежых кветак і гнілых водарасцяў, адным словам усяго таго, што адначасова падабаецца і раздражняе, прыцягвае і адштурхоўвае, вабіць ці выклікае агіду. Гэты пах будзе даносіцца да нас з бліжэйшых пальмавых гаёў, выходзіць з распаленай зямлі, уздымацца над затхлымі сцёкавымі канавамі горада. Ён не пакіне нас, ён частка тропікаў.

І нарэшце самае важнае адкрыццё — людзі. Тутэйшыя, мясцовыя. Як жа яны пасуюць да гэтага краявіду, святла, паху. Як жа яны ствараюць адно цэлае. Наколькі чалавек і краявід, дапаўняючы адно аднаго, з’яўляюцца неразрыўнай, гарманічнай супольнасцю, тоеснасцю. Да якой жа ступені кожная раса ўкаранёная ў свой пейзаж, свой клімат! Мы фармуем наш краявід, а ён фармуе рысы нашых твараў. Белы чалавек сярод гэтых пальмаў, ліянаў, у гэтым бушы і джунглях выглядае як нейкае дзівацкае і несумяшчальнае чужароднае цела. Бледны, слабы, мокрая ад поту кашуля, зліплыя валасы, увесь час мучыць смага, пачуццё бездапаможнасці, хандра. Ён увесь час баіцца маскітаў, амёбаў, скарпіёнаў, змеяў — усё, што рухаецца, напаўняе яго страхам, жудасцю і панікай.

Мясцовыя — наадварот, са сваёй сілай, зграбнасцю і трываласцю рухаюцца натуральна, свабодна, у тэмпе, што дыктуюць клімат і традыцыі, у тэмпе крыху запаволеным, няспешным, бо ў жыцці і так не атрымаецца дасягнуць усяго, інакш што б тады засталося іншым?

Я тут ужо тыдзень. Спрабую пазнаёміцца з Акрай. Гэта нібы размножанае пад капірку мястэчка, якое выпаўзла з буша, з джунгляў і затрымалася на беразе Гвінейскай затокі. Акра плоская, аднапавярховая, бедная, але ёсць таксама і двух-, і трохпавярховыя дамы. Ніякай вытанчанай архітэктуры, ніякага лішку і помпы. Звычайныя тынкі, сцены пастэльных светла-жоўтых, светла-зялёных колераў. На тых сценах шмат падцёкаў. Свежыя, пасля сезону дажджоў, яны ствараюць бясконцыя сузор’і і калажы плямаў, мазаік, фантастычных мапаў, завілых арнаментаў. Цэнтр горада шчыльна забудаваны. Рух, таўкатня, шум — жыццё праходзіць на вуліцы. Вуліца — гэта праезная частка, аддзеленая ад узбочча адкрытай сцёкавай канавай. Ходнікаў няма. На праезнай частцы аўтамабілі змяшаныя з натоўпам людзей. Усё гэта рухаецца разам: прахожыя, машыны, ровары, вазкі насільшчыкаў, нейкія каровы і козы. На ўзбочыне, за рыштокам, уздоўж усёй вуліцы цячэ дамашняе і гаспадарчае жыццё. Жанчыны таўкуць маніёк, пякуць на вуголлі клубні тара, гатуюць нейкую ежу, гандлююць жуйкамі, печывам і аспірынам, мыюць і сушаць бялізну. Усё навідавоку, быццам іх абавязаў загад, каб а восьмай раніцы яны ўсе пакідалі дамы і знаходзіліся на вуліцы. У сапраўднасці прычына іншая — жытло маленькае, цеснае, убогае. Душна, вентыляцыі няма, паветра цяжкае, моташныя пахі, няма чым дыхаць. Апроч таго, праводзячы дзень на вуліцы, можна ўдзельнічаць у таварыскім жыцці. Жанчыны ўвесь час размаўляюць паміж сабой, крычаць, жэстыкулююць, а потым смяюцца. Так, стоячы над гаршчочкам ці над місай, яны маюць цудоўны назіральны пункт. Могуць бачыць суседзяў, прахожых, вуліцу, слухаць сваркі і плёткі, сачыць за падзеямі. Чалавек увесь дзень знаходзіцца сярод людзей, у руху і на свежым паветры.

Па гэтых вуліцах ездзіць чырвоны «Форд» з рэпрадуктарам на даху. Ахрыплы гучны голас заахвочвае ісці на мітынг. Сенсацыяй мітынгу будзе Квамэ Нкрума — Асаг’ефа, прэм’ер, правадыр Ганы, правадыр Афрыкі, усіх паняволеных народаў. Здымкі Нкрума паўсюль — у газетах (штодзённа), на плакатах, на сцяжках, на паркалёвых, да пят, спадніцах. Энергічны твар мужчыны сярэдняга веку, з усмешкай або сур’ёзны, у такім ракурсе, каб падкрэсліць, што правадыр глядзіць у будучыню.

— Нкрума — збаўца! — з захапленнем у голасе гаворыць мне малады настаўнік Джо Ямба. — Ты чуў, як ён прамаўляе? Як прарок!

Так, чуў. Я прыехаў на мітынг, які адбываўся на мясцовым стадыёне. Разам з ім былі міністры — маладыя, рухавыя, яны выглядалі вясёлымі, радаснымі людзьмі. Імпрэза пачалася з таго, што святары з бутэлькамі джына ў руках палівалі гэтым алкагольным напоем подыум — гэта была ахвяра духам, навязванне кантакту з імі, выпрошванне ў іх прыхільнасці, добрага стаўлення. Вядома, на такім мітынгу прысутнічаюць дарослыя, але шмат таксама і дзяцей — ад немаўлят, якіх маткі носяць за спінаю і такіх, што ледзь поўзаюць на карачках, да малечы і школьнай дзятвы. Малодшымі апекуюцца старэйшыя, тымі — яшчэ старэйшыя. Гэтая іерархія ўзросту строга выконваецца, а паслухмянасць — абсалютная. Чатырохгадовае дзіцё мае поўную ўладу над двухгадовым, шасцігадовае — над чатырохгадовым. Прычым дзецьмі займаюцца дзеці, старэйшыя адказныя за малодшых, так што дарослыя могуць займацца сваімі справамі, напрыклад уважліва слухаць Нкрума.

Асаг’ефа прамаўляў нядоўга. Сказаў, што самае важнае — гэта здабыць незалежнасць, рэшта прыйдзе неяк сама, усё дабро возьмецца менавіта з той незалежнасці.

Статны, з рашучымі рухамі, ён меў правільныя рысы твару і вялікія, жывыя вочы, якія прабягалі па моры чорных галоў з такой сканцэнтраванай увагай, быццам ён хацеў усіх дакладна палічыць.

Пасля мітынгу тыя, што былі на подыуме, змяшаліся з натоўпам, пачаўся рух, цісканіна, не было відаць ніякай аховы, паліцыі. Джо праціснуўся да маладога чалавека (гаворачы мне па дарозе, што гэта міністр) і спытаўся ў яго, ці мог бы я прыйсці да яго заўтра. Той, у пануючым гомане не вельмі пачуўшы, пра што менавіта ідзе гаворка, сказаў, абы адчапіцца, — добра, добра!

Наступнага дня я знайшоў новы будынак Міністэрства асветы і інфармацыі, што стаяў пасярод каралеўскіх пальмаў. Была пятніца. У суботу ў сваім невялікім гатэлі я апісаў той папярэдні дзень.

«Шлях свабодны, ні паліцыянта, ні сакратаркі, ні дзвярэй. Адхіляю ўзорыстую фіранку і ўваходжу. Кабінет міністра ў цёплым паўзмроку. Сам ён стаіць каля пісьмовага стала і парадкуе паперы. Адныя скамечыць — і ў кош, другія разгладзіць — і ў папку. Худая, дробная постаць, спартыўная кашулька, кароткія штонікі, сандалі, квяцістая кентэ праз левае плячо, нервовыя рухі.

Гэта Кофі Баака, міністр асветы і інфармацыі.

Ён самы малады міністр у Гане і ва ўсёй Брытанскай Садружнасці. Яму трыццаць два, і свой пост ён займае тры гады. Яго кабінет знаходзіцца на трэцім паверсе міністэрскага будынка. Іерархіі пасадаў тут адпавядае іерархія паверхаў. Чым вышэйшая асоба, тым вышэйшы паверх яна займае. Бо наверсе падвявае, а ўнізе паветра каменнае, нерухомае. Такім чынам, на першым паверсе душацца дробныя ўрадоўцы, над імі дырэктары дэпартаментаў ужо маюць слабенькую цягу, а на самым версе міністраў асвяжае той самы мроены ветрык.

Да міністра можа прыйсці хто хоча. І калі хоча. Калі нехта мае справу — прыязджае ў Акру, распытвае, дзе тут, напрыклад, міністр сельскай гаспадаркі, ідзе, адхіляе фіранку, сядае перад урадавай асобай і выкладвае, што яго турбуе. Калі не заспее тую асобу ва ўстанове, дык знойдзе яе дома. Што нават і лепш, бо там ён атрымае абед і зможа напіцца. Людзі адчувалі дыстанцыю да белай адміністрацыі. Але цяпер усе свае, можна не саромецца. Урад мой, дык павінен мне дапамагчы. Каб мог дапамагчы, павінен ведаць чым. Каб ведаў чым, мне трэба прыйсці і растлумачыць. Лепш самому, асабіста і непасрэдна. Тым наведнікам няма канца.

— Дзень добры! — сказаў Кофі Баака, — адкуль вы?

— З Варшавы.

— Ведаеш, мала не хапіла, каб я там пабываў. Бо аб’ехаў усю Еўропу: Францыю, Бельгію, Англію, Югаславію. У Чэхаславаччыне чакаў выезду ў Польшчу, але Квамэ даслаў тэлеграму, што мне трэба вяртацца на з’езд нашай Convention People’s Party.

Мы сядзелі за сталом у ягоным кабінеце без дзвярэй і вокнаў. Замест іх былі аканіцы з рассунутымі шчылінамі жалюзі, праз якія цягнуў слабы скразняк. Невялікі пакой быў завалены паперамі, актамі, брашурамі. У куце стаяў сейф, на сцяне вісела некалькі партрэтаў Нкрума, на паліцы стаяў рэпрадуктар, які ў нас называюць «калхознікам». З таго рэпрадуктара грукаталі там-тамы, пакуль Баака яго нарэшце не выключыў.

Я хацеў, каб ён распавёў пра сябе, пра сваё жыццё. Баака мае вялізны аўтарытэт сярод моладзі. Яго любяць за тое, што ён добры спартовец. Гуляе ў футбол, у крыкет, чэмпіён Ганы па пінг-понгу.

— Зараз, — перапыніў ён, — толькі замоўлю Кумасі, бо я заўтра еду туды на матч.

Ён патэлефанаваў на пошту, папрасіў, каб яго злучылі. Не злучылі, сказалі, каб чакаў.

— Учора я быў на двух фільмах, — кажа ён мне са слухаўкай каля вуха, — хацеў паглядзець, што круцяць. Пускаюць такія фільмы, на якія шкалярам нельга хадзіць. Трэба выдаць распараджэнне, каб моладзі забаранілі глядзець такія рэчы. А сёння з раніцы я наведваў у горадзе кніжныя стэнды. Урад усталёўвае нізкія цэны на школьныя падручнікі. А гавораць, што прадаўцы ўздымаюць гэтыя цэны. Я пайшоў, каб спраўдзіць. Так, прадаюць даражэй, чым павінны.

Ён ізноў пазваніў на пошту.

— Слухайце, чым вы там займаецеся? Колькі мне чакаць? Можа, вы не ведаеце, хто звоніць?

Жаночы голас у слухаўцы адказаў: «Не».

— А ты хто? — спытаў Баака.

— Дзяжурная тэлефаністка.

— А я міністр асветы і інфармацыі Кофі Баака.

— Дзень добры, Кофі! Зараз я цябе злучу.

Неўзабаве ён размаўляў з Кумасі.

Я глядзеў на яго кнігі, што ляжалі ў шафцы: Хэмінгуэй, Лінкальн, Кёстлер, Оруэл. «Папулярная гісторыя музыкі», кішэннае выданне «Амерыканскага слоўніка», дэтэктывы.

— Чытанне — маё захапленне. У Англіі я купіў сабе «Энцыклапедыю Брытаніка» і цяпер чытаю па частках. Не магу есці не чытаючы, кніга павінна ляжаць перада мной адкрытай.

Праз момант:

— Яшчэ большае хобі — фатаграфія. Здымкі я раблю заўсёды і паўсюль. У мяне больш за дзесяць фотаапаратаў. Калі я іду ў краму і бачу новы апарат, мне зараз жа трэба купіць яго. Дзецям купіў праектар і вечарамі паказваю ім фільмы.

У яго чацвёра дзяцей, ад трох да дзевяці гадоў. Усе ходзяць у школу, самы меншы таксама. У гэтым няма нічога асаблівага, што трохгадовы бутуз становіцца вучнем. Асабліва калі ён сваволіць, тады матка аддае яго ў школу, каб мець спакой.

Сам Кофі Баака пайшоў у школу, калі яму было тры гады. Яго бацька працаваў настаўнікам і хацеў, каб хлопец быў пад наглядам. Калі ён скончыў школу, яго адправілі ў гімназію ў Кэйп-Кост. Ён стаў настаўнікам, потым чыноўнікам. У канцы 1947 года Нкрума пасля навучання ў Амерыцы і ў Англіі вяртаецца ў Гану. Баака слухае, пра што гаворыць гэты чалавек. Ён гаворыць пра незалежнасць. Тады Баака піша артыкул «Мая нянавісць да імперыялізму». Яго звальняюць. У яго воўчыбілет, яго нідзе не хочуць прымаць на працу, ён бадзяецца па горадзе. Адбываецца спатканне з Нкрума. Квамэ даручае яму пасаду кіраўніка «Cape Coast Daily Mail».

Кофі дваццаць гадоў. Ён піша артыкул «Заклікаем да свабоды» і трапляе ў турму. Таксама арыштоўваюць Нкруму і некалькіх актывістаў. Яны сядзяць трынаццаць месяцаў, нарэшце іх вызваляюць. Сёння гэтая група складае ўрад Ганы.

Пераклаў з польскае Яўген Салейчук

Пра аўтара

Літаратурны дом Логвінаў © 2017 Усе правы абароненыя

Powered by WordPress