Літаратурны Дом “Логвінаў”

Кнігарня Логвінаў

…Калі, блукаючы па Мінску, крыху адступіць убок з праспекта Незалежнасці, дык у лабірынце аднаго з мінскіх двароў, побач са старым тралейбусным дэпо, можна патрапіць у вір кніг, ідэй, гутарак, імпрэзаў. У белым кампактным будынку, сярод вузкіх калідорчыкаў і ўтульных залаў – месца сустрэчы літаратараў і чытачоў, крытыкаў і фанатаў. Незалежная грамадская пляцоўка, дзе адбываецца абмен думкамі паміж творчымі людзьмі, – і не толькі. Гэта – Літаратурны Дом “Ловінаў”. Кнігарня, выдавецтва, друкарня, грамадсткая арганізацыя.

“Логвінаў” паўстаў у 2000 годзе як невялікае выдавецтва, што спецыялізавалася на выданні альтэрнатыўнай літаратуры. Сёння, праз 15 гадоў сваёй дзейнасці, “Логвінаў” з’яўляецца вядучай культурнай інстытуцыяй, што не толькі забяспечвае выхад незалежнай інтэлектуальнай і культурнай прадукцыі, але таксама фармуе густы чытацкай публікі ў Беларусі. Усе гэтыя гады выдавецтва актыўна фармавала літаратурны ландшафт краіны, публікуючы і папулярызуючы кнігі знакавых для беларускай сітуацыі пісьменнікаў: Андрэя Хадановіча, Уладзімір Арлова, Алеся Разанава, Валянціна Акудовіча, Наталкі Бабінай, Ігара Бабкова, Адама Глобуса, Вольгі Гапеевай, Альгерда Бахарэвіча, Віктара Марціновіча, Артура Клінава, Паўла Касцюкевіча, Марыі Мартысевіч, Андрэя Адамовіча.

Сёння “Логвінаў” прадстаўляе Беларусь на кніжных выставах Еўропы: Ляйпцыгскай, Франкфурцкай, Пражскай, Варшаўскай ды інш., актыўна супрацоўнічае з замежнымі культурнымі цэнтрамі, выдаючы замежную літаратуру па-беларуску.

Культурная палітыка выдавецтва рэалізуецца праз кнігарню “логвінаЎ”, якая ўжо 5 гадоў дзейнічае як адзін з цэнтраў літаратурнага жыцця Беларусі. Гэта месца прэзентацыі кніжнай прадукцыі не толькі “Логвінава”, але і большасці незалежных і дзяржаўных выдаўцоў Беларусі. На працягу некалькіх гадоў кнігарня “логвінаЎ” арганізоўвала ў Беларусі выступы літаратараў з Германіі, Польшчы, Чэхіі, Швецыі, Украіны, Літвы, Ізраіля, Швейцарыі, Японіі, а таксама праводзіла фестывалі замежных літаратур, якія мелі на мэце пазнаёміць беларусаў з найлепшымі набыткамі сусветнай літаратуры, і шырэй – культуры. Кнігарня “логвінаЎ” працуе ў цэнтры Мінска як частка незалежнай альтэрнатыўнай прасторы “Галерэя Ў”.

Дзейнасць арганізацыі была заўважаная міжнароднай супольнасцю. У 2014 годзе Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў уручыла Ігару Логвінаву сваю штогадовую прэмію за “за ўзорную мужнасць у адстойванні свабоды выказвання і свабоды друку”.

Глядзець кантактную інфармацыю

Літаратурны дом Логвінаў © 2017 Усе правы абароненыя

Powered by WordPress