Зыгмунт Мілашэўскі. “Доля праўды”

урывак з раману

«Доля праўды» – гэта не толькі інтрыгоўны дэтэктыў. Гэты раман — адлюстраванне жыцця сучаснай еўрапейскай краіны, грамадзяне якой спрабуюць весці балючы, але патрэбны дыялог наконт свайго не заўжды гладкага і ціхамірнага мінулага. Дыялог, тэмамі якога робяцца фашысцкая акупацыя, камуністычны рэжым, а таксама нацыяналістычная прапаганда.


Sandomierz_katedra_-_mord_rytualny 

− Вы патрыёт? − спытаўся ён у гаспадара.

− Натуральна. А вы − не?

− У такім разе вам не павінна перашкаджаць, што хтосьці дзейнічае на карысць Касцёла, адзіна правільнай каталіцкай веры, − Шацкі не палічыў слушным даць адказ на пытанне, ягоныя погляды тут ні пры чым.

Шылер раптам устаў. Калі ён не сядзеў, згорбіўшыся, то рабіў уражанне моцнага мужчыны. Досыць высокі, шырокі ў плячах, атлетычнага целаскладу. Такі тып, на якім нават касцюм з супермаркета будзе добра глядзецца. Шацкі пазайздросціў: яму свае даводзілася шыць на заказ, каб не віселі на ім як на вешалцы. Гаспадар падышоў да бара, і Шацкаму на імгненне здалося, што ён цягнецца па бачную нават здалёк бутэльку “Метаксы”, але ён прынёс бутэльку нейкай снобскай мінеральнай вады і наліў ім па шклянцы.

− Не ўпэўнены, што гэта − тэма нашай размовы, але самым вялікім і самым шкодным ідыятызмам у гісторыі Польшчы было атаясамліваць патрыятызм з гэтай педафільскай сектай. Перапрашаю за рэзкія словы, але дастаткова мець у галаве крыху мазгоў, каб убачыць, што Касцёл стаіць не за нашымі найвялікшымі дасягненнямі, а толькі за паразамі. За крыважэрным міфам пра цвярдыню хрысціянства, за парнаграфічнай прагай пакутніцтва, за падазронасцю да багатых…

Дык вось дзе баліць, падумаў Шацкі.

− … за лянотай, забабонамі, пасіўным чаканнем боскай дапамогі, урэшце, за сэксуальным неўрозам і за болем усіх тых бедных пар, якія не могуць сабе дазволіць зачацце in vitro і якім не будзе дадзена радавацца патомству, бо дзяржава баіцца мафіі ананістаў у чорных сукенках, − Шылер заўважыў, што яго панесла, і ўзяў сябе ў рукі. − Таму, так, я патрыёт, спрабую быць добрым патрыётам, хачу, каб мае ўчынкі казалі самі за сябе і хачу ганарыцца сваёй краінай. Але прашу не абражаць мяне падазрэннямі, што нейкую габрэйскую секту я стаўлю вышэй за іншыя забабоны і называю гэта патрыятызмам.

Шацкі пранікся сімпатыяй да гэтага чалавека: ніхто ніколі яшчэ так цэласна не выказваў ягоных уласных поглядаў. Але змоўчаў.

− Патрыятызм без каталіцызму і антысемітызму, ды вы і праўда вынайшлі новую якасць, − ён чарговы раз скіраваў размову на цікавыя яму тэмы. Бачыў, што гаспадару яны таксама блізкія. Ён яўна раскручваўся, расслабляўся, было відаць, што падобныя размовы не раз вяліся ў гэтым доме.

− Толькі не крыўдуйце, але вы думаеце стэрэатыпамі, вам убілі ў галаву, што найлепшы грамадзянін – левы касмапаліт з кароткай памяццю. А патрыятызм – свайго роду ганебнае хобі, якое ідзе ў пары з народным каталіцызмам, ксенафобіяй і, канечне ж, антысемітызмам.

− Інакш кажучы, вы патрыёт, які не верыць у Бога і любіць габрэяў?

− Скажам так, я польскі няверуючы патрыёт і антысеміт.

Шацкі прыўзняў брыво. Або гэты гусак не чытае газет, або ён ёбнуты, або гуляе з ім у нейкую хітрую гульню. Інтуіцыя падказвала яму, што, хутчэй, апошняе. Нічога добрага.

− Вас гэта здзіўляе? − Шылер выгодна рассеўся на канапе, выглядала гэта так, нібы ён выгодна ўмасціўся ў свеце сваіх поглядаў. − І вы не выцягнеце кодэкс, не прад’явіце мне абвінавачванняў у распальванні міжнацыянальнай варожасці?

Шацкі не адрэагаваў. Яго галава была занятая куды больш важнымі рэчамі. Да таго ж ён ведаў, што Шылер і так скажа сваё. Такі чалавек.

− Бачыце, мы жывём у дзіўныя часы. Пасля Халакосту кожны, што наважыцца прызнацца ў антысемітызме, тут жа становіцца плячом да пляча з Эйхманам і салютуе Гітлеру. На яго глядзяць як на вычварэнца, які толькі і марыць пра тое, каб раздзяляць сем’і на пероне. У той жа час паміж некаторай стрыманасцю ў дачыненні да габрэяў, да іх ролі ў гісторыі Польшчы і іх сучаснай палітыкі ды падбухторваннем да пагромаў і канчатковага рашэння габрэйскага пытання існуе пэўная розніца, вы са мной пагодзіцеся?

− Калі ласка, працягвайце, гэта вельмі цікава, − падахвоціў яго Шацкі, не хочучы ўвязвацца ў адкрытую спрэчку. Тады ён мусіў бы прызнацца, што любая спроба ацэньваць людзей праз прыналежнасць да нацыянальнай, этнічнай, рэлігійнай ці якой-кольвек іншай групы выклікае ў яго агіду. І ён перакананы: кожны пагром меў свае вытокі ў культурнай дыскусіі пра “пэўную стрыманасць”.

− Зірніце хаця б на Францыю ці Германію. Няўжо, выказваючы стрыманасць у дачыненні да прыхадняў з Алжыра ці Турцыі, людзі там адразу становяцца фашыстамі і забойцамі? А можа, гэта простыя грамадзяне, занепакоеныя будучыняй сваёй краіны, занепакоеныя разрастаннем гета, адсутнасцю асіміляцыі, агрэсіяй, іншародным элементам, які знутры падрывае іх культуру?

− Нешта я не прыгадаю, каб габрэі ў перадваеннай Польшчы палілі машыны, аб’ядноўваліся ў мафію і жылі за кошт збыту наркотыкаў, − Шацкі ў думках абмацюкаў сябе за тое, што не стрымаўся ад пярэчання. − “Дай яму сказаць, чалавеча, дай яму сказаць”.

− Вы так гаворыце, бо не жылі ў тыя часы…

− Канечне, я крыху маладзейшы за вас.

book_dola_covers_prw (2)

Шылер толькі фыркнуў.

− Вы не ведаеце, як гэта выглядала. Што паляк з габрэем з суседняга квартала не маглі дамовіцца, бо размаўлялі на розных мовах. Што габрэйскія кварталы неабавязкова былі акуратнымі скансэнамі самабытнай культуры. Бруд, галеча, прастытуцыя. Звычайная чорная дзірка на мапе горада. Людзі, якія вельмі хацелі жыць у цывілізаванай Польшчы, але не хацелі на яе працаваць і змагацца за ейны дабрабыт? Вы хоць раз чулі пра габрэйскія батальёны ў нацыянальных паўстаннях? Пра юдэйскія атрады ў легіёнах? Я − не. Сядзець ціха і чакаць, калі палякі сыйдуць крывёй, каб пасля атрымаць магчымасць заняць яшчэ некалькі вуліц у апусцелым горадзе. Так што, мяркую, калі б я жыў у той час, я не быў бы іх прыхільнікам, незалежна ад пашаны да вершаў Тувіма і Лесьмяна. Гэтаксама як і сёння я не згодны з тым, што кожны рух Ізраіля на Бліжнім Усходзе, поўны агрэсіі і ксенафобіі, павінен быць імгненна апраўданы, бо, бач ты, быў Халакост. Вы сабе ўяўляеце, што пачалося б, калі б немцы сталі адгароджвацца ад турэцкіх кварталаў высачэзным мурам?

− Тых часоў больш няма, габрэяў няма, так што можаце падзякаваць каму трэба.

− Я вас прашу, ад вас я чакаў большага, − Шылер, здавалася, быў сапраўды прышыблены рэплікай Шацкага. − Я антысеміт, але не фашыст-вычварэнец. Калі б у мяне быў Божы дар і я мог адмяніць Халакост − нават усведамляючы, што Польшча застанецца са сваімі даваеннымі праблемамі − я б зрабіў гэта, не вагаючыся ні долі секунды. Але цяпер, калі гэта адбылося і нікуды не падзенецца, стала сумным фактам, шнарам у сусветнай гісторыі, калі б вы цяпер у мяне спыталіся, ці знікненне габрэяў з Польшчы было для яе добра, я адкажу: так, добра. Гэтаксама як знікненне туркаў з Германіі сёння было б добра для нашых суседзяў.

− Так, нарэшце польскія дзеці ў бяспецы.

− Вы маеце на ўвазе рытуальнае забойства? Вы мяне за ідыёта лічыце? Думаеце, што разумны чалавек можа ўспрымаць усур’ёз гэтыя бздуры, гэтую гарадскую легенду са страшнымі, сапраўды страшнымі наступствамі?

− Кажуць, у кожнай легендзе ёсць доля праўды, – працягваў правакаваць Шацкі.

− Вось і я пра тое ж. Досыць аднаго крытычнага слова, і я ўжо станаўлюся фашыстам, гатовым маршыраваць з паходнямі праз горад, крычаць, што польскае дзіцятка скралі на мацу. Краіна забабонаў, перабольшванняў, перадузятасці і істэрыі. Цяжка тут быць патрыётам!

У перакладзе з польскай Марыны Казлоўскай

Пра аўтара

Літаратурны дом Логвінаў © 2017 Усе правы абароненыя

Powered by WordPress