“Жыткаўскія багіні”, урывак з раману Катаржыны Тучкавай

Высока сярод карпацкіх грудоў здаўна жылі жанчыны, адораныя надзвычайнымі здольнасцямі. Яны ўмелі лячыць, дапамагалі парадамі ў душэўных пакутах, умелі прадказваць будучыню. Іх называлі багінямі і сваё мастацтва яны перадавалі з пакалення ў пакаленне. Дора Iдэсава – апошняя з іх роду. Аднак іх майстэрства яна не пераняла, вывучылася на этнографа і вырашыла напісаць пра іх навуковае даследаванне. У канцы 90-х гадоў у архіве МУС яна адшуквае тэчкі, сабраныя дзяржбяспекай на ворага народа, яе цётку Сурмэну.

 Раман, які выйшаў, у 2012 годзе, за кароткі час здабыў фенаменальную папулярнасць і стаўся найбольш прадаванай кнігай Чэхіі 21 ст. (больш за 100 тыс. асобнікаў). Сярод іншага, ён атрымаў некалькі прэстыжных літаратурных прэмій – Josef Škvorecký Literary Prize, Magnesia Litera, Czech Bestseller, Czech Book…

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

 

Унутры амаль нічога не відаць. Дзяўчынка падымаецца на дыбачкі, і, прыляпіўшы носік да шыбы, зазірае за фіранку, якой завешаная палова акна. За пышнымі галоўкамі пеларгоніяў, якія звычайна ківаюць звонку, але сёння незразумела чаму ўвязненыя за шклом, цемра. Аднак цемра там амаль заўсёды. Праз маленькія акенцы святло пранікае ў дом толькі ў сонечныя дні.

Дзяўчынка паварочваецца, каб зірнуць на сцяжыну, што падымаецца да іх хаты. Сурмэна ледзь сунецца, яна здаўна слабая на ногі, і Якубік у яе на руках таксама не дадае ёй хуткасці. Ён цяжкі, дзяўчынка гэта ведае, сама яна яго ўжо ледзьве падымае.

Яна зноў паварочваецца да акна. Ёй здаецца, што яна бачыць ногі. З-за печы вытыркаюцца ногі, толькі палова да каленяў, але так, гэта ногі, абутыя ў цяжкія чорныя боты.

– Я бачу ногі! Тата дома! – крычыць яна на ўсю моц Сурмэне. – Ён усё ж дома!

– Пачакай, адыдзі, – адсоўвае яе Сурмэна з Якубікам на руках, нарэшце падняўшыся да яе. Далонню робіць казырок і прыціскае твар да самай высокай шыбы.

– Анягож, там ён. Мярзотнік.

Яна выпростваецца, ускідвае Якубіка вышэй і кажа:

– Хадзем, – і калі паварочваецца, яшчэ чуваць, як яна мармыча сабе пад нос: – Ён у мяне дачакаецца, жлукта.

10

Сурмэна рашуча крочыць уздоўж груба атынкаваных сценаў, дзяўчынка – адразу за ейнымі спадніцамі. Крокі плюхаюць па размоклай глебе. Яна стараецца ўскокваць у Сурмэніны сляды, але не паспявае за ейнымі размашыстымі рухамі. Рыпяць веснічкі, і яна праслізвае ў іх. Пакідае іх адчыненымі і бяжыць, абганяючы Сурмэну, да дзвярэй дома, шырокі ранец гойдаецца ў яе на спіне, а над ім падскокваюць дзве разбэрсаныя коскі ўжо толькі з адным бантом. Перад парогам яна спыняецца і з шырока расплюшчанымі вачыма ды адвіслым падбароддзем паварочваецца да Сурмэны. Каля дзвярэй стаіць калода, але сякеркі, што звычайна ў ёй тырчыць, няма. Раздзьмутыя целы коткі і кацянятаў ляжаць там, мабыць, ужо не адну гадзіну.

– Гэта Міцка, – кажа яна здзіўлена, – гэта нашая Міцка. І кацяняты. Яна нават не паспела іх нам паказаць!

Кацінае цела надзімаецца як шар, крывавая адтуліна на шыі кішыць мухамі. Целы кацянятаў змясціліся б у адной прыгаршчы. Маленечкія і надзьмутыя газамі, як мячыкі; калі б яна нахіліла далонь, яны б маглі выпасці з яе і пакаціцца па схіле ўніз, да самага Грозэнкава.

– Гэты жлукта, гэты гад, ён у мяне за ўсё заплаціць, – душыцца ад злосці Сурмэна, цвёрда бярэ яе за плячо, адварочвае ад гэтай крывавай сцэны і пхае да дзвярэй, унутр, у малыя сенцы.

– Вытры боты, а то гразі нанясеш, – кажа ёй злосна Сурмэна, але без патрэбы. Яна стаіць, павольна шоргае нагамі аб рагожку і азіраецца, каб яшчэ раз убачыць тое, што засталося ад Міцкі.

– Не глядзі туды, а то жахі будуць сніцца! – загадвае ёй Сурмэна, і Дора зараз жа бяжыць праз сенцы ў хату. Перад дзвярыма ў святліцу налятае на Сурмэну. Доля секунды, калі яна на апошнім кроку прашмыгвае між Сурмэніным бокам і вушаком дзвярэй і заканчвае той дробны крок, раптам прыклеіўшыся поглядам да дашчанай падлогі, расцягваецца да бясконцасці. Ля татавых ног ляжыць мама, ейная спадніца закасаная да пахвіны, а вакол яе, паўсюль вакол яе лужына цёмнай засохлай крыві. Ціха. І яны трое ў дзвярах як статуі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

– Прэ-э-эч! – працінае яе раптам, як лязо нажа, Сурмэнін высокі голас. Яна скаланаецца, ажно падскоквае, даецца галавой аб вушак і бяжыць прэч, ногі заплятаюцца так, што яна дзівам не падае. За сабой чуе перапалоханы плач Якубіка і Сурмэнін крык, што заеў на адным слове: – Прэ-э-эч! Прэч! – І яна бяжыць, каля Міцкі і ейных кацянятаў, уздоўж драўлянага плота, выбягае за веснічкі, бяжыць міма хаты па дарозе, размоклай ад летняга дажджу, па сцяжыне ўніз, далей. Да жытла Сурмэны. Там яна спыняецца, нетаропка адчыняе і зачыняе веснічкі і павольным крокам, як заўсёды, ідзе да лавачкі на прызбе. Сядае і, утаропіўшы погляд у пагорак насупраць, чакае. Бачыць, як па дарозе, па якой яна толькі што бегла, кульгае Сурмэна, сагнутая пад цяжарам Якубіка, але хутка, так хутка, як яшчэ ніколі на ейнай памяці. І вось да яе ўжо даносіцца братаў плач і Сурмэніна сапенне.

Сурмэна цяжка апускаецца на лаўку і, трымаючы адну руку на Якубікавай галаве, а другую на ейным плячы, супакойвае яе.

– Нічога, нічога, – кажа яна.

Але Дора ёй не верыць. Гэта не нічога, тое, што яна бачыла.

Сонца ўжо села, і ў горы закрадаецца цемра. Яны сядзяць на лавачцы, і Якубікаў плач паволі сціхае, толькі калі-нікалі прарываецца дробным, перарывістым усхліпам. Ужо праз хвіліну Дора чуе толькі ягонае роўнае дыханне, шумнае ад соплікаў. Сурмэна ўжо дыхае спакойна, але рука, што абдымае Дорыны плечукі, падперазаныя рамянямі партфеля, усё яшчэ дрыжыць. На гэтых рамянах вялікія катафоты, як яна і хацела. Вялікія чырвоныя кружкі, якія адбіваюць святло, калі на іх нехта пасвеціць, такія, як у дзяцей знізу, з Грозэнкава. Па гэты ранец яны з мамай ездзілі ажно ва Угэрскі Брод, гэта было мінулым летам.

Над іхняй хатай, на схіле насупраць, ужо сцямнела, ноч выцякала з-за пагорка павольнай, несупыннай плынню, нібыта нехта выліваў яе з боку Бойкавіцаў.

– Застаняцеся ў мяне, – сказала потым Сурмэна.

А калі ўкладвала яе пад коўдры і гарбаваныя авечыя скуры за печчу, у цяпло, што разлівалася паўсюдна вакол яе і нават па завараным маку ў глыбіні ейнага страўніка, Дора яшчэ паспела пачуць:

– Не бойся нічога, разам мы ўсё здужаем. Будзеш у мяне андзелам. І будзеш жыць добра. Вось убачыш.

 

з чэшскай пераклала Святлана Рогач

Прэзентацыя кнігі з удзелам Катаржыны Тучкавай і яе пераладчыцы адбудзецца ў кнігарні логвінаЎ (Незалежнасці 37а) 11 снежня (пятніца) 2015 года. Пачатак а 19. 

Пра аўтара

Літаратурны дом Логвінаў © 2016 Усе правы абароненыя

Powered by WordPress