Альвідас Шляпікас. Урывак з кнігі “Бог дажджу”

з літоўскае пераклала Сюзанна Паўкштэла

5

Сігітас быў і смешны, і часам дурны. Але ніколі не меў грошай. Зрэдку меў, вядома, але яны вельмі хутка сканчваліся. Ён нікому не шкадаваў, вельмі хутка пускаў усё на вецер, а пасля нічога не памятаў, што камусьці ставіў, кагосьці частаваў. Сігітас быў з тых, хто надакучвае. Але часам ён прыдумваў такое, што яшчэ доўга ўсе рагаталі. У Жагунісаў раз выпівалі, а Сігітас як заўсёды клянчыць: „Дайце і мнеее, дайце і мнеее…“ Усім гэта ўжо даўно абрыдла, і я баяўся, каб хтосьці з семярых Жагунісаў не з’ездзіў яму мімаволі па пысе – Сігітас не заўсёды адчуваў мяжу, калі болей ныць ужо нельга. Мы смяяліся, палілі без меры, на Сігітаса ўвагі амаль не звярталі, і тут раптам Сігітас кажа: „Бляць, так выпіць хачу. Паставіце бутэльку, калі пралезу праз фортачку?“ Ну, мы толькі пасмяяліся – фортачка (ведаю – фортка, нельга казаць ”фортачка”), як і ва ўсіх, у кухні Жагунісаў была высока, дзве шыбы – ну, паловы акна – з бакоў, а пасярэдзіне меншая шыба, і наверсе яшчэ фортка. Taя фортка была такая, што галаву насілу прасунеш. А калі яшчэ галава вялікая, як, напрыклад, у Троты Адольфіка, то і ніяк, той жа носіць шапку самага вялікага памеру. Так што мы толькі крыва паглядзелі на яго, на Сігітаса, разумеючы, чаго ён хоча, і далей карты раздаем. Але Сігітас не паддаўся – пралезу, кажа, пралезу. Ну, лезь, кажам мы, лезь. Рымас нават засмяяўся, кажа: „Я табе сам, адзін, пастаўлю паўлітры сталічнай, толькі ты пралезь“. Сігітас распрануўся, застаўся ў адных майтках і палез. Галава пралезла, пачаў праціскаць плечы. Мы аж вішчым са смеху, а той нейкім дзівосным чынам ўзяў і пралез да паловы. Пралез і вісіць гарызантальна да ўсяго свету. Захрас. Саўлюс Жагуніс пачаў раўці, што ваконная рама не вытрымае, што зараз зусім будзе піздзец, але рама вытрымала Сігітаса: малы, худы, колькі ён там важыць – як верабей. Да паловы пралез, а далей ніяк – зад не пралазіць. І смех, і грэх – як яго адтуль выцягнуць? Тады ён і пачаў крычаць: „Мужыкі, прыпальвайце падэшвы, прыпальвайце падэшвы цыгарэтамі“. Ну, нас доўга ўпрошваць не трэба было – аж зашыпелі нямытыя ногі Сігітаса, паленай чалавечынай засмярдзела. І толькі мы тыцнулі гарачымі недакуркамі яму ў падэшвы, ён, нібы ракета, як вылеціць праз фортку! Там высока было, якія два з паловай метры, а можа, і вышэй. За вакномкрапіва, нейкія драты (мо ад тэлевізійнай антэны), нейкі шыфер – Сігітас як бухнецца ў тыя завалы!Толькі майткіў фортцызасталіся. Мы нават не паспелі падумаць, што ён забіўся, а Сігітас ужо ў кухні – голы, запыханы, маленькі такі, яйцы крапівой апечаныя: „Ну, дзе мая гарэлка?“ Такі ўжо гэты Сігітас. Цяпер думаю – калі б гэта хто іншы быў, дык усе рэбры, напэўна, пераламаў бы, а яму – нічога.

 

Пра аўтара

Літаратурны дом Логвінаў © 2017 Усе правы абароненыя

Powered by WordPress