Адальстэйн Аўсберг. З новай кнігі “Апошні колер лета”

Пераклад з ісландскае Марыі Пушкінай

 

%d0%b0%d1%9e%d1%81%d0%b1%d0%b5%d1%80%d0%b3-1

Біяграфія

Адальстэйн Аўсберг Сігурдсан нарадзіўся ў 1955 годзе ў горадзе Хусавік на поўначы Ісландыі. Скончыў Камерцыйны каледж ў Рэйк’явіку, дзе вывучаў ісландскую мову, музыку і акцёрскае майстэрства. Дэбютаваў у 1977 годзе паэтычным зборнікам “Неруш” (“Ósánar lendur”), з таго часу апублікаваў цэлы шэраг кніг паэзіі, перакладаў, адзін раман і больш за тузін дзіцячых кніг.

У 2014 годзе быў у Мінску, чытаў свае вершы на Стральцоўскім фестывалі, фотаграфаваў стары будынак Цэха, бо настроем будынак супадае з настроем яго паэзіі. Яго кніга 2011 года “Hús eru aldrei ein” (“Дамы не бываюць самотныя”) стала часткай фота-паэтычнага праекта, які аб’яднаў вершы Адальстэйна Аўсберга і серыю фотаздымкаў Нокві Эліясана “Закінутыя фермы”. А вядомы ісландскі саксафаніст Cігурдур Фласасон напісаў да тэкстаў з гэтай кнігі музыку, запрасіў вакалістаў, музыкаў і выпусціў дыск “Það sem hverfur” (“Гэта знікае”).

Сам Азальстэйн Аўсберг таксама займаецца музыкай. а яшчэ ён аўтар словаў да песні “Eitt lag enn” (“Яшчэ адна песня”), з якой Ісландыя заняла 4-ае месца на Еўрабачанні-1990 (і на той момант гэта быў найлепшы вынік Ісландыі),  а гурт “Stjórnin” урэшце стаў папулярны.

 

 

eydib36 

 

 

 

З кнігі “Вершы зямлі”, 1985

Jarðljóð/Earth Poems

 

Ісландыя

 

Тая халодная зіма

ператварыла палі ў коўзанку

так што можна было катацца

паміж фермамі.

 

Доўгімі хмарнымі днямі

мы гулялі

на іх смарагдавым люстры

зрабіўшы з нашых санак

цягнік.

 

А ўвечары дома

полымя грала ў печы

бліскучай і чорнай

і цяпло плыло

з прачыненых дзверцаў

каб сагрэць пальцы

на руках і нагах.

 

Пах гарачай какавы

лютаўскі прыцемак

паволі сохне адзенне.

 

Уладарамі вялікай

шчодрай ледзяной зямлі

мы былі той зімовай парою.

 

З кнігі “Дамы не бываюць самотныя” (2011)

 

Húserualdreiein/ Black sky

 

Дамыне бываюць самотныя

 

Дамыне бываюць самотныя

іх пакоямі блукаюць здані

заміраюць на парозе

натыкаюцца на сходжаныя лесвіцы

мераюць крокамі падлогу

з кійкамі

і шкляным позіркам.

 

Дамы не бываюць самотныя

падазрэнні падаюць на іх

мінулае хаваецца ў іх

розум спыняецца на паўдарогі

намагаючыся не ўзгадваць ды

ўсё яшчэ памятаючы

зашмат каб мець спакой.

 

Дамы не бываюць самотныя

калі ўсё сказана і зроблена.

 

Спытайся ў імхоў

Спытайся ў імхоў

ці ў балотнай руды

прапахаванне сучаснасці.

 

eydib85

 

З цудоўным смуткам

 Спярша я зняў каптур з горнай вяршыні

паказаў свету вялізарны твар

брыво нос плячо і шыю.

 

Калі сонечнае праменне стала

казытаць мой твар брыво і нос

я адчуў у паветры водар

пачуў свіст бліскучай касы

і дазволіў дню прамінаць

з цудоўным смуткам.

 

Спадчына

 Вельмі асцярожна

мы ўзялі нашыя рэчы

складзеныя ў невялікі пак:

лісты прапрабабулі да прадзядулі

дзённікі фотаздымкі

безыменных сваякоў ці

аднакласнікаў з мінулага стагоддзя

падушкі, вышытыя

ісландскімі ўзорамі.

 

Пасля мы далікатна

перабралі

пажоўклыя канверты

аддаўшы старыя маркі

цікаўным калекцыянерам

дазволіўшы дзённаму святлу

вывесці колер з карціны

і тонкаму тканаму абрусу

неўзабаве заслаць

новы стол.

 

Апошні колер лета

У шыбах адбіваецца

маркота гулкае жаданне

навостранай касы.

 

Соль на брудных шчыпцах

верасовыя пусткі пажоўклі

няпэўны прагноз надвор’я.

 

Дашлі мне па азёрных хвалях

журботныя тоны з поўначы

апошні колер лета.

 

Пра аўтара

Літаратурны дом Логвінаў © 2017 Усе правы абароненыя

Powered by WordPress